Удзельнікi культурна-асветніцкага праекта "Музы Нясвіжа" |
Город Реутов, Московская область. Россия
Город Росолини, Область Сицилия, Италия
Город Пулавы, Люблинское воеводство, Польша
Город Злотув, Великопольское воеводство, Польша
Город Одолянов, Великопольское воеводство, Польша
Город Горис, Область Сюник, Армения
Город Лайхинген, земля Баден-Вюртембер, Германия
Вітаючы музычную вясну | 06:05 | ||
На мінулым тыдні ўжо 16-ы раз наш горад прымаў культурна-асветніцкі праект "Музы Нясвіжа". Увесь гэты час ён ажыццяўляецца дзякуючы Нацыянальнаму акадэмічнаму канцэртнаму аркестру Беларусі сумесна с Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскім аблвыканкамам і Нясвіжскім райвыканкамам. Збіраючы аматараў і знаўцаў мастацтва ў слынным цэнтры беларускай культуры, "Музы Нясвіжа" традыцыйна аб'ядноўваюць у сабе тэатральныя імпрэзы, мастацкія выставы, навуковыя чытанні, майстар-класы, асамблеі і, канечне ж, канцэрты старадаўняй і сучаснай музыкі. Уступным акордам свята мастацтваў стаў спектакль "Камедыя" Мінскага абласнога драматычнага тэатра па п'есе Уладзіміра Рудава. Чатыры персанажы спектакля - беларусы Дзям'ян і Малання, яўрэй Давід і Чорт, які, як сведчыла п'еса, мае падыход да любых нацыянальнасцей, - 2 гадзіны трымалі абсалютную ўвагу залы. Адвечная тэма сутыкнення дабра і зла, сілы і слабасці чалавека была разыграна надзвычай арыгінальна, дасціпна, з непаўторным беларускім каларытам. У спектаклі было шмат гумару - і мяккага, і з'едлівага, і за шырмай гэтага смеху камедыя незаўважна ператварылася ў трагедыю - трагедыю пустэчы і адзіноты. Але зусім ненадоўга. Фінал п'есы быў светлы і жыццясцвярджальны - Малання і Давід вярнуліся з пекла, і Дзям'ян зразумеў, што трэба цаніць жыццё, пакуль яно ў цябе ёсць, і не ўступаць у здзелкі з чортам, таму што за грошы можна купіць усё, акрамя сапраўднай радасці і спакою ў душы. Пасля такога ўдалага тэатральнага зачыну другі дзень свята мастацтваў вызначыўся багаццем музычна-навуковых падзей. Так, у цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся канцэрт ансамбля кларнетыстаў пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Генадзя Забары, пасля якога пачалася навукова-практычная канферэнцыя "Беларуская музыка ў каардынатах еўрапейскага мастацтва." прысутных на ёй прывітаў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко, які пажадаў удзельнікам навуковых чытанняў плённай работы і новых цікавых адкрыццяў. Затым удзельнікаў музычнага свята прыняла гарадская ратуша, дзе прайшоў канцэрт лаўрэата міжнародных конкурсаў, кларнетыста Уладзіміра Солтана і ансамбля на драўляных духавых інструментах. І ўвечары гэтага дня ў РЦКіА адбылося ўрачыстае адкрыццё свята мастацтваў "Музы Нясвіжа-2011", якое пачалося з прэзентацыі мастацкай выставы студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод" пад кіраўніцтвам Святланы Купрыянавай - мастачкі і педагога, якая не толькі сама піша, але і дапамагае маладым раскрыць свой творчы патэнцыял, стаць майстрамі ў выяўленчым мастацтве. Свае работы на гэтай выставе таксама ўпершыню прадставіў наш зямляк, таленавіты мастак, удзельнік міжнародных, рэспубліканскіх і групавых выстаў, старшы выкладчык кафедры жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў Уладзімір Клімушка. Ён прадставіў нясвіжскаму гледачу выставу сваіх карцін у стылі абстракцыянізму пад назвай "Транскрыпцыя", а ўвогуле творы Уладзіміра Клімушкі на сённяшні дзень знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Германіі, Нідэрландаў. Адкрываючы выставу, прысвечаную ХVІ святу мастацтваў "Музы Нясвіжа-2011", намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Майсеня зазначыў, што мастацкія выставы на "Музах Нясвіжа" ўжо 16 гадоў працягваюць здзіўляць гледачоў новымі адкрыццямі і, што асабліва прыемна, у гэтыя адкрыцці ўцягваецца і юная змена вопытных аматараў мастацтва. Так, ураджэнка нашага горада Валерыя Амяльчук стала стыпендыятам спецыяльнага Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, многія іншыя нашы школьнікі прымаюць удзел у разнастайных абласных, рэспубліканскіх, міжнародных выставах і прывозяць адтуль узнагароды. Сам жа ўдзельнік выставы - мастак Уладзімір Клімушка - зазначыў у сваім прывітальным слове да прысутных, што размяшчэнне яго работ побач з работамі дзяцей асабліва сімвалічна, бо "нас ніколі не пакідаюць уражанні дзяцінства". На адкрыцці выставы таксама выступілі нашы, нясвіжскія, мастакі Марына і Міхаіл Канавалавы і вучаніца Святланы Купрыянавай Віта Русецкая, якая выказала вялікую ўдзячнасць свайму педагогу за дапамогу ў раскрыцці таленту, а гаспадарам - арганізатарам выставы - за прызнанне яе творчасці. Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ
| |||
Просмотров: 685 | Добавил: nesvizh1223 | Рейтинг: 5.0/1 | |