Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў |
Город Реутов, Московская область. Россия
Город Росолини, Область Сицилия, Италия
Город Пулавы, Люблинское воеводство, Польша
Город Злотув, Великопольское воеводство, Польша
Город Одолянов, Великопольское воеводство, Польша
Город Горис, Область Сюник, Армения
Город Лайхинген, земля Баден-Вюртембер, Германия
Зоркі Вялікага тэатра — у Нясвіжы | 20:06 | ||
У канцы мінулага тыдня Нясвіж у другі раз
прымаў вялікае музычнае свята - летні фестываль опернага і
балетнага мастацтва "Вечары Вялікага тэатра ў замку
Радзівілаў". Яго правядзенне стала магчымым дзякуючы Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку "Нясвіж" пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта і буйнейшага аператара мабільнай сувязі Беларусі - кампаніі МТС. Раздзяліць з нясвіжанамі радасць ад сустрэчы з класічным музычным мастацтвам такога высокага ўзроўню прыбылі ганаровыя госці - міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Шчэцька, старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко. Мінулагодні вопыт паказаў, што першы фестываль адразу выклікаў вялікую цікавасць гледачоў і атрымаў іх падтрымку. Сёлета арганізатары не проста паўтарылі леташнія дасягненні, а нашмат пераўзышлі іх па маштабнасці выканання праекта. Так, у першы дзень фестывалю аматараў класічнага мастацтва чакалі не адна, а дзве музычныя імпрэзы: днём у гарадской ратушы прайшоў канцэрт "Вяртанне раманса", а ўвечары ў двары замка Радзівілаў - опера Уладзіміра Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха". Сустрэчу са старадаўнімі рамансамі і цудоўнай жывой музыкай слухачам падарылі дыпламант міжнародных конкурсаў Таццяна Траццяк, лаўрэат міжнародных конкурсаў Станіслаў Трыфанаў і струнны квінтэт "Серэнада". Пранікнёнае выкананне спевакоў да слёз кранула аўдыторыю. Бурныя апладысменты і воклічы "брава!" суправаджалі такія знакамітыя творы, як "Каханне і разлука" Ісаака Шварца, "Толькі раз" Барыса Фаміна, "Ямщик, не гони лошадей" Якава Фельдмана і іншыя рамансы. Неменшае захапленне публікі вяклікалі і п'есы, што гучалі ў выкананні квінтэта "Серэнада" - "Французскі вальс" Мішэля Леграна, "Забыццё" Астара П'яцолы, "Аксамітны вальс" Джэры Голдсміта і іншыя творы. Вячэрняе ж прадстаўленне - опера "Дзікае паляванне караля Стаха" - стала яскравай падзеяй менавіта ў жанры "Ореn-аіr" (адкрытае паветра), для якога наш замак - проста ідэальнае месца. Вялікі двор з высокімі сценамі вакол яго з чатырох бакоў, каменны брук, які таксама добра адбівае гук - усё гэта выдатна падыходзіць да фестывалю класічнай музыкі. Падчас тэатральнай дзеі гледачы сёлета не проста сустрэліся з музычным пераказам славутага прыгодніцка-містычнага твора Уладзіміра Караткевіча, але і адчулі трансфармацыю ўсёй унутранай прасторы замкавага двара, дзякуючы эфектам камп'ютарнай графікі. Яна напоўніла ўвесь архітэктурны ансамбль дзівоснымі вобразамі, звязанымі з прыгожай і страшнай легендай пра дзікае паляванне караля Стаха. Другі дзень фестывалю - субота, 25 жніўня - адзначыўся таксама дзвюма яскравымі падзеямі. Упершыню ў Нясвіжскім касцёле Божага Цела прагучала першая беларуская пасьён-араторыя - "Жальбы" Ігара Хадоскі. Пасьён (ад лацінскага passio - пакуты) - гэта музычны твор на евангельскі тэкст пра пакуты і смерць Хрыста. Гэты жанр быў вельмі папулярны ў еўрапейскай музычнай культуры эпохі барока. У "Жальбах" Ігара Хадоскі выкарыстана музыка, сабраная на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у касцёлах ад Любані да Яраслаўля. Кампазітар выбраў метад рэканструкцыі музычнага помніка ў адпаведнасці з сучаснымі ведамі пра традыцыйныя формы і музычную мову эпохі барока, а ўвасобіць яго задуму ў жыццё дапамаглі салісты, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Алена Золава, Наталля Акініна, Юрый Гарадзецкі, лаўрэат нацыянальнага конкурсу Сяргей Лазарэвіч, хор і аркестр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У ролі чытальніка выступіў вядомы вядучы беларускага радыё Алег Вінярскі. Вячэрняе прадстаўленне другога дня фестывалю пад красамоўнай назвай "Вечар класічнага балета ў замку Радзівілаў" стала яшчэ адным чароўным відовішчным святам. У першым аддзяленні гледачы сустрэліся з зоркамі беларускага класічнага танца, якія выканалі ўрыўкі з сусветна вядомых балетаў, а ў другім іх чакаў аднаакты балет "Пахіта" Людвіга Мінкуса. Гэты твор цікавы тым, што ўяўляе сабой разгорнутую харэаграфічную карціну, якая ўвасабляе іерархію і веліч класічнага балета: ад выхаду васьмёрак жаночага кардэбалета і варыяцый салістак да фіналу з удзелам прыма-балерыны і вядучага саліста. Пры гэтым усе варыяцыі маюць свой характар, кожная салістка можа паказаць у іх сваё майстэрства і непаўторны творчы почырк, у чым змаглі пераканацца і нясвіжскія гледачы. Завяршыўся ж фестываль "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў" у нядзелю, 26 чэрвеня, гала-канцэртам зорак тэатра. З французскай мовы слова "гала" перакладаецца як "урачыстасць", "свята". Ім абазначаюцца вялікія, святочныя, пышныя падзеі. Менавіта такім і стаў заключны канцэрт фестывалю. Лепшыя оперныя салісты краіны і зоркі балета падарылі ўсім прысутным на свяце радасць ад сустрэчы са слыннымі опернымі хітамі, велічнымі харавымі сцэнамі, фрагментамі з папулярнейшых балетаў. Фінальны ж нумар канцэрта - славутыя "Палавецкія пляскі" з оперы Аляксандра Барадзіна "Князь Ігар" - літаральна ашаламілі публіку сваёй незвычайнай энергетыкай, своеасаблівым сінтэзам оперы і балета. У завяршэнне да ўсіх прысутных на свяце звярнуўся старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко. Ён шчыра падзякаваў арганізатарам фестывалю за яго правядзенне на нясвіжскай зямлі, выказаў ўпэўненасць у тым, што мастацкія традыцыі, закладзеныя нашымі таленавітымі продкамі, будуць жыць і развівацца, і што праз год мы з радасцю сустрэнемся на трэцім фестывалі беларускай оперы і балета ў Нясвіжы. Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ | |||
Просмотров: 759 | Добавил: nesvizh1223 | Рейтинг: 5.0/1 | |