Вы вошли как Турист
Группа "Гости"Приветствую Вас Турист!
Пятница, 29.03.2024, 13:33
Главная | Мой профиль | Регистрация | Выход | Вход | RSS

Праздники сегодня

Праздники сегодня

Наш опрос

Оцените мой сайт
Всего ответов: 240

Форма входа

Поиск

ФОТО

Национальный банк

Статистика


Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Библиотека

Главная » Статьи » История Несвижа

Дыямент у кароне...
Ці стане ён — Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» (перадусім былы Радзівілаўскі замак) — турыстычнай Мекай і адначасова гісторыка-асветным цэнтрам для ўсіх беларусаў?.. 

Сёлета Нясвіж прызначаны чарговай культурнай сталіцай Беларусі... І гэта цалкам апраўдана, паколькі ў кароне іншых гарадоў-помнікаў Нясвіж — дыямент невыказнай красы, горад, які, па словах Адама Кіркора, "сваім багаццем, бляскам, непаўторнасцю, назапашанай разнастайнасцю выбітных твораў навукі і мастацтва не толькі быў першым у цэлай Літоўскай Русі (цяперашняй Беларусі. — Аўт.), але і пераўзыходзіў у многім шматлікія другарадныя сталіцы...” Цягам часу незлічоныя каштоўнасці былі разрабаваны, расцягнуты-раскрадзены, аселі ў шматлікіх прыватных калекцыях і дзяржаўных музеях іншых краін. Толькі набыўшы дзяржаўнасць, беларусы пачалі асэнсоўваць страчанае, усведамляць, што і яны людзі, а не толькі прыгонныя, халопы, парабкі...

Не забывайма, што матэрыяльна-культурная спадчыннасць хоць і была ўласнасцю магнатаў, але першародства яе — у поце і крыві звычайных людзей, тых самых дзядоў і прадзедаў, што гнулі спіны на мануфактурах і множылі багацці шматлікіх арыстакратычных родаў, а такіх у сярэднявечнай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім — было досыць. Але цяжка знайсці сярод іх больш магутных і заможных, чым Радзівілы. Цяпер многія гатовы ледзь не абагаўляць Радзівілаў, іхны ўклад у станаўленне беларускага гаспадарства. На самай справе не ўсё тут ружова, як падаецца, інакш бы гісторыя не склалася так драматычна...

Да нашага часу нашчадкі роду Сапегаў, напрыклад, вінавацяць Радзівілаў, што тыя ўзялі бок Рэчы Паспалітай, выракліся свайго... І тут цяжка нешта аспрэчыць, як цяжка аспрэчыць і тое, што Радзівілы ў вялікай ступені еўрапеізавалі тагачаснае жыццё ВКЛ... Канечне, "не разгулам, дзівацтвамі ды ўсялякімі празмернасцямі барскага жыцця”, як пісаў Адам Кіркор, "але сваім эстэтычным бокам, сваімі рэдкімі зборамі, кабінетамі, бібліятэкамі, архівам, карціннай галерэяй, тэатрам, урэшце самім жыццём, у якім паміж розных барскіх задумак было шмат вытанчанасці, гуманнасці, вышэйшых поглядаў і памкненняў, нарэшце нават самаадданасці”.

Пра самаадданасць і слугаванне Бацькаўшчыне ўсімі без выключэння радзівіламі казаць рызыкоўна, паколькі далёка не ўсе яны праведнікі... Але і той факт, што на працягу стагоддзяў з іх роду выйшлі больш сарака сенатараў, канцлераў, ваяводаў, кашталянаў, маршалкаў... І ўсе чатыры стагоддзі Радзівілаўскім родавым гняздом, магнацкай "сталіцай” нязменна заставаўся Нясвіж. Тут знаходзілася не толькі найбагацейшая ў Еўропе бібліятэка з велізарным архівам, які зберагаў так званую Літоўскую метрыку (архіў ВКЛ), але і карцінная галерэя з тысячамі твораў мастацтва. У самім жа горадзе дзейнічалі друкарні, прыдворны тэатр, шматлікія аркестры, капэлы, ствараліся оперы і балеты, збіраліся калекцыі зброі, манет, працавалі мастацка-прамысловыя мануфактуры. Здавалася, усяму гэтаму не будзе скону, але страціўшы цэласнасць дзяржавы, беларусы, а з імі і Радзівілы, гублялі назапашанае вякамі...

 

Што «приобщено к нашему»

Шведы — у 1706 годзе — першымі абрабавалі Нясвіжскі замак. Нягледзячы на гэта, па iнвентары замка, якi быў складзены ў 1770 г., у Нясвiжы на той час налiчвалася 984 творы "на дрэве i палатне”, больш за 20.000 тамоў кнiг i рукапiсаў. Зборы нумiзматычнага кабiнета складалi 13.252 адзiнкi захоўвання. Вось як апiсвае стан Нясвiжскага замка ў ХVІІІ ст. вядомы расiйскi даследчык В.Сямёнаў: "Замок разделялся на 2 части — дворец и крепость; дворец состоял из 12 громадных залов, из которых каждый имел свое название. Здесь была кунсткамера с редкими произведениями искусств и художеств, арсенал с 84 щитами, 30 бронзовыми рыцарскими доспехами, большим количеством различных амуниций, охотничьих принадлежностей и ружей, затем хранилище древностей с гетманскими булавами, маршальскими посохами Радзивиллов, слитки серебра, найденные при раскопках в несвижской округе, нумизматическая коллекция, разные орнаменты и прочее”.

Але была ў Радзiвiлаў i iншая скарбнiца. У родавым сховiшчы знаходзiлася большая частка сабранага Радзiвiламi багацця. Так, рускi князь М.Рапнiн, якi суправаджаў у 1785 г. апошняга караля Рэчы Паспалiтай Станiслава Аўгуста Панятоўскага на сейм у Гродна, у данясеннi iмператрыцы Кацярыне ІІ пiсаў: "Король заехал к К.С.Радзивиллу в Несвиж. После блестящего фейерверка и обеда на 300 персон король спустился в подземелье — фамильную сокровищницу. Он увидел слитки золота, сложенные до самого свода. Золота было сотни пудов, множество золотых вещей да 12 апостолов из этого металла и серебра, усыпанных драгоценными камнями”.

Адам Чартарыйскi, былы мiнiстр замежных спраў Расiйскай iмперыi, таксама не абмінуў узгадаць Нясвіж. У сваіх мемуарах ён напiша, што ў 18 залах Нясвiжскага замка сабрана каштоўнасцяў больш як на 5 або 10 мiльёнаў дукатаў. Сярод iншых скарбаў прыгадвае Чартарыйскi i калекцыю з 12 апосталаў, пяць з якiх выраблены з чыстага золата. Пра 12 залатых евангелiстаў прыгадае ў сваіх успамінах і Мiхаiл Агiнскi, а таксама Уладзiслаў Сыракомля. Успамiнаюць пра радзiвiлаўскую скарбнiцу таксама А.Кiркор i П.Шпiлеўскi.

Значныя страты замак панёс і пасля першага падзелу Рэчы Паспалiтай у 1772 годзе. Яшчэ ў кастрычнiку 1770 г. Нясвiжскi замак занялi расiйскiя войскi пад камандаваннем генерал-маёра В.А.Кара. Найбольш каштоўную частку скарбаў, твораў старажытнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — зброю, вырабы з золата, срэбра i каштоўных камянёў — адправiлi ў Пецярбург, частку — у Смаленск. Быў адабраны i вывезены, а часткова патоплены арсенал замка. Радзiвiлаўская бiблiятэка па загадзе Кацярыны ІІ была дастаўлена А.Бiбiкавым у Санкт-Пецярбург i перададзена ў веданне iмператарскай Акадэмii навук. Былi канфiскаваны 14.892 кнiгi, якiя займалi 96 скрыняў (без улiку гравюр, планаў i нот), i размешчаны ў цэнтральнай частцы Кунсткамеры. Тут у 34 шафах бiблiятэка Радзiвiлаў захоўвалася на працягу ўсяго ХVІІІ ст. як асобная калекцыя. З нагоды тае бiблiятэкар Бакмейстар напіша: "Полученное библиотекою в 1772 г. другое приращение, о котором никак умолчать не можно, превосходит все преждеупомянутые. Многочисленные собрания книг, хранимые в то время в Несвиже, что в Литовском княжестве, привезено и приобщено к нашему”.

Пасля канфiскацыi маёмасцi ў 1772 г. Радзiвiлы зноў запоўнiлi сваю скарбнiцу каштоўнасцямi. Новыя рабункi адбылiся ў Нясвiжскiм замку ў канцы кастрычнiка 1812 года. Але перад тым (у 1790 г.), акурат пасля смерцi Караля Станiслава Радзiвiла — Пане Каханку, адзінаццатым ардынатарам нясвiжскiм стаў яго пляменнiк Дамiнiк Радзiвiл (1786—1813). Палымяны патрыёт, як большасць моладзi таго часу, Дамiнiк марыў аб адраджэннi Рэчы Паспалiтай i звязваў свае надзеi з постаццю Напалеона. У 1812 г. Дамiнiк падпiсаў акт Галоўнай канфедэрацыi, пасля чаго прыняў актыўны ўдзел у паходзе французаў на Расiю. Дамiнiк быў мужным чалавекам, але не без карысці для сябе. А можа, папросту ратаваў сваё... Усе даследчыкi аднадушна сцвярджаюць, што Дамiнiк загадаў пагрузiць на абозы найбольш каштоўную маёмасць i адправiць яе з Нясвiжа ў Вiльню. 30 кастрычнiка Нясвiж заняў корпус генерала С.Тучкова. Распачаў жа рабаванне радзiвiлаўскiх калекцый у той трагiчны год генерал К.Кнорынг, якi забраў з замка старажытныя дываны, гадзiннiкi, антычныя творы, музычныя iнструменты, адзенне. А пасля ўжо ягоную справу прадоўжыў і сам генерал С.Тучкоў, якому засталiся яшчэ "розныя брыльянты, срэбныя i залатыя вырабы, а таксама iншыя рэчы”. Пасля да iх далучыўся адмiрал П.Чычагаў. У Пецярбург было вывезена 11 скрыняў радзiвiлаўскiх багаццяў. У тым лiку меч i капялюш з перламi караля Яна III Сабескага, падараваны апошняму Папам Рымскiм Iнакенцiем ХI. Вывезлі таксама фарфор, творы еўрапейскага жывапiсу, зброю, рыцарскiя даспехi, нумiзматычную калекцыю. У студзені 1813 г. адмiрал П.Чычагаў загадаў размеркаваць частку скарбу, нарабаванага ў Нясвiжскiм замку, паміж рознымі асобамі і ўстановамі. Старажытныя медалi i манеты былi перададзены Харкаўскаму ўнiверсiтэту, царкоўныя рэчы адпраўлены ва Успенскi сабор у Маскве. "Самые редкости и древности” паступiлi ў распараджэнне саветнiка Д.Валуева. "Все прочия” П.Чычагаў загадаў выставіць на аўкцыён. Па сведчанні кіраўніка замка А.Бургельскага, праз месяц Тучкоў зноў прыехаў у Нясвiж i ўчыніў чарговае рабаўнiцтва. Ён браў усё, што знайшлося ў сховiшчах, — дываны, зброю, даспехi, паляўнiчыя стрэльбы, люстэркi, карэты, "обитие” са сцен, нават фiранкi з вокнаў. Усяго было нарабавана на 10 мiльёнаў польскiх злотых...

Радзiвiлаўскiя багаццi, якiя засталiся без пiльнага гаспадара, працягвалi раскрадаць і далей. Граф Людвiг Леан Вiтгенштэйн, якi быў жанаты на дачцэ Дамiнiка Радзiвiла Стэфанii, перавёз у маёнтак Веркi пад Вiльняй рыцарскiя даспехi. Калекцыю заходнееўрапейскага жывапiсу забралi да сябе ў Прусiю Радзiвiлы па прускай лiнii.

Толькi ў 1875 г. Антонiй Фрыдэрык Радзiвiл (1833—1904), ардынатар нясвiжскi, клецкi i давыд-гарадоцкi, вырашыў разам з жонкай Марыяй Даратэяй пераехаць з Прусii ў Нясвiж на пастаяннае месца жыхарства. З тае часіны і пачынаюцца планамерныя работы па рэстаўрацыi замка. А зрабіць трэба было вельмі шмат...

Вось як апiсваў стан замка тае пары Уладзiслаў Сыракомля, вядомы дзеяч беларускай i польскай лiтаратуры, якi служыў у Антонiя Радзiвiла сакратаром: "У некаторых залах на сценах, абабiтых некалi багатымi дыванамi цi аздобленых ад столi да падлогi суцэльнымi люстэркамi, чаго цяпер i следу не засталося, раскiданы там-сям старажытныя карцiны, iх больш за ўсё на чацвёртым паверсе ў асобнай зале, названай сёння гучна Карцiннай галерэяй. Сэрца сцiскаецца, калi глядзiш на многiя з тых карцiн, асаблiва калi зойдзеш у галерэю, дзе выдатныя палотны, каштоўныя i з боку мастацкай вартасцi, i як дарагiя памяткi, што захавалi для нас вобразы гiстарычных асоб, старасвецкiя ўборы альбо асобныя падзеi мiнулага, — без парадку, без рам, без надпiсаў вiсяць на сцяне, чакаючы лепшых часоў, альбо, разасланыя на падлозе, марнеюць на нашых вачах, аблазяць, абвяшчаючы аб хуткай сваёй гiбелi”.

У 1905 годзе, пасля смерцi Антонiя Радзiвiла, Марыя Даратэя распачала справу вяртання нясвiжскiх скарбаў, якiя былi перавезены ў Пецярбург у 1812 годзе...

Радзiвiлам найперш неабходна было даказаць, што гэта менавiта тыя рэчы, якiя належалi княжацкай фамiлii. Для доказу былi прадстаўлены копii нясвiжскiх iнвентароў, выкарыстаны дакументы, данясеннi, даклады, складзены новыя рэестры ў самiм Эрмiтажы. Згодна з iмі, упаўнаважанаму прадстаўнiку княгiнi Марыi Даратэi Радзiвiл доктару Б.Пульяноўскаму былi перададзены экспанаты пад 48-ю нумарамi. І гэта былi далёка не ўсе рэчы, вывезеныя ў 1812 г., але ўсё ж такi тое вяртанне стала маленькай асабiстай перамогай Марыi Даратэi.

У 1904 г. чарговым ардынатарам нясвiжскiм стаў сын Антонiя Фрыдэрыка Ежы (1860—1914), а самым апошнiм ардынатарам нясвiжскiм быў яго сын Альбрэхт Радзiвiл (1885—1935), больш вядомы як князь Аба. Знакамiты палiтычны i грамадскi дзеяч Польшчы, ён нейкі час падтрымлiваў Юзэфа Пілсудскага, той нават наведаў Нясвiж у кастрычнiку 1926 года... Але вернемся крышку назад, у той час, калі Еўропу апанавала Першая сусветная... Як ні дзіўна, але Нясвіж падчас сусветнай бойні амаль не пацярпеў: нi аўстрыякі, ні венгры, нi палякi, нi расiйскiя войскi (карнiлаўцы), якiя ў розныя часы кватаравалi ў замку, амаль нiчога не скралі. Затое на пачатку 1919 г. у Нясвiж прыйшла савецкая ўлада, i гаспадаром у замку стаў таварыш... Салдатаў.

 

Рабуй нарабаванае?

Было ўстаноўлена, што падчас гаспадарання таварыша Салдатава з замка знiклi "ўсе каштоўнасцi, неацэнныя рэчы мастацтва, цудоўныя габелены ды іншыя скарбы, якiя не маюць кошту”. Следчая камiсiя так i не даведалася, куды падзелiся нясвiжскiя каштоўнасці. Хоць "товарищ” Салдатаў i яго спадручнiкi панеслi заслужаную кару, "але разрабаваныя скарбы засталiся неадшуканымi”. Праўда, у 1928 г. савецкі ўрад — згодна з артыкулам 11 Рыжскай дамовы 1921 г. — перадаў Польшчы частку нясвiжскiх рэчаў, вывезеных у Расiю ў 1792-м i 1812 гадах. Але тыя ж мастацкія рэчы ў 1939 г. былi наноў разрабаваны — не ўсе, праўда, а часткова. Астатняе было перададзена розным савецкім установам. У архівах захаваліся канцылярскія справаздачы, складзеныя камісарамі падчас рэквізіцыі панскай маёмасці. Канечне, яны наўрад ці поўныя, бо рабіліся па гарачых слядах вызваліцеляў, да ўсяго ж чырвонаармейцы, гэтаксама як і тутэйшыя месцічы, якія не грэбавалі чужым, скарысталіся момантам... Каб мець уяўленне, што было ў замку на момант яго захопу, варта прыгадаць напісанае Валянцінам Катаевым у газеце "Правда”. Тады Катаеў быў уласным карэспандэнтам у нашым краі і ўдзельнічаў у вызвольным паходзе. Уладкаваўшыся ў машыне сакратара ЦК КПБ Панцеляймона Панамарэнкі, ён калясіў з ім па толькі што вызваленай тэрыторыі. Вось як ён апісваў у сваім "праўдзінскім” эсэ ўбачанае:

"Мы папрасілі яго (кіраўніка Радзівілаўскага замка. — Аўт.) паказаць нам замак. Ён яшчэ раз пакланіўся і павёў нас па залах. Мы моўчкі ішлі за ім, дзівячыся велічынёй, колькасцю і багаццем панскіх пакояў. Кожны пакой быў велічынёй з актавую залу. Асабліва кідалася ў вочы тое, што паўсюль сцены былі бялёныя. Іх грубая, нават, я б сказаў, казарменная бель падкрэслівала багацце мэблі, паркетаў, складзеных з мноства каштоўных гатункаў дрэва — чырвонага, чорнага, цытрынавага, масіўных паліраваных дзвярэй, велічэзных люстэркаў у тонкіх залатых рамах.

Мы ўбачылі кабінет князя з доўгім сталом пасярэдзіне. За гэтым сталом свабодна магло б змясціцца пяцьдзясят чалавек. Стол быў пакрыты каштоўнымі абрусамі і вышыўкамі. На ім стаялі кветкі, вазы, кнігі, мініяцюры і сучасныя сямейныя фатаграфіі. Было параскідвана мноства французскіх і амерыканскіх ілюстраваных часопісаў за ліпень, жнівень і нават верасень месяц гэтага фатальнага для гаспадароў года.

Мы бачылі грандыёзную паляўнічую залу, засланую шкурамі мядзведзяў, ваўкоў, лісіц. На доўгіх сталах была раскладзена паляўнічая зброя — пісталеты, мушкетоны, кінжалы, сучасныя штуцэры, вінтоўкі. На сценах віселі ў мностве рогі аленяў і ласёў. Складзеныя парамі вепруковыя іклы былі ў залатой аправе і віселі на залатых ланцужках, як маленькія касцяныя хамуцікі. Пад кожнай парай іклаў быў надпіс. Усе гэтыя рогі і іклы атрымалі "Гран пры” на нейкай арыстакратычнай паляўнічай выставе ў Парыжы. Тут жа быў уладкаваны хатні цір, дзе на чорным фоне віднеліся белыя зайцы і алені.

Затым мы агледзелі рыцарскую залу, поўную рыцарскіх даспехаў —- шлемаў, нагруднікаў. Шэраг рыцараў стаялі ўздоўж белых сцен, пабліскваючы цьмяным срэбрам і золатам. Стаялі цэлыя рыцары — коннікі ў даспехах, аздобленых страўсавымі пер’ямі...”.

Як жа распарадзілася савецкая ўлада неацэннымі радзівілаўскімі рэчамі?

Паводле пастановы ЦК КП(б)Б замак (перад вайной) перайшоў да аўтадарожнага тэхнiкума, бiблiятэка i архiў перададзены Акадэмii навук БССР, 264 карцiны (з iх 84 партрэты Радзiвiлаў), слуцкiя паясы, мэбля — Дзяржаўнай карцiннай галерэi ў Мiнску, гарматы, даспехi ХVI ст., калекцыя зброi — Беларускаму дзяржаўнаму музею i кiнастудыi "Савецкая Беларусь”, экспанаты паляўнiчай залы — Беластоцкаму дзяржаўнаму музею, касцюмы — Дзяржаўнаму тэатру оперы i балета Беларусi.

Частка нясвiжскiх калекцый вельмi спадабалася расiйскiм навукоўцам. Так, у 1940 годзе экспедыцыя Гiстарычнага музея ў Маскве забрала з Нясвiжскага замка слуцкiя паясы, карцiны, "цудоўнай работы крэсла з косцi рагоў аленя”. Частка архiва i бiблiятэка, памер якой вызначылi не па колькасцi адзiнак захоўвання, а па вазе — 60 тон, была перададзена ў АН БССР. Нешта было прададзена праз "дзяржаўны” гандаль. Падчас вайны фашысты вывезлi ў Германiю карцiны з нясвiжскай галерэi, якiя перад вайной захоўваліся ў мінскіх музеях. Частка іх — ужо пасля вайны — была расшукана і вернута ў Мiнск, хаця і ў пашкоджаным выглядзе. А вось жывапісныя партрэты князёў аказалiся... незапатрабаванымі, і таму ў 1950 г. 63 палотны былi перададзены Музею Нарадоваму ў Варшаве. Радзiвiлаўскi архiў з Германii вярнулі ў Нацыянальны архiў БССР, а кнiгi — у акадэмічную бібліятэку... Але ўсё гэта — драбніца ад таго, што было раней і што разышлося па ўсім свеце...

На працягу стагоддзяў Нясвiжскi замак перажыў досыць узлётаў і падзенняў, войнаў і пажараў, незлічоных рабаўніцтваў з боку шведаў, германцаў, рускіх... Вакол яго ўладароў склалася мноства легенд і паданняў. Княжацкі замак быццам кажа нам: мяне раскрадалі, рабавалі, спустошвалі, але ж вытрываў, сцярпеў усё. Гэтак і з самімі беларусамі: вытрывалі і сцярпелі ўсе навалы. Цяпер і дзяржаўнасць можна парадкаваць: падмурак і самі муры — векавыя, моцныя, як сцены і бастыёны Радзівілаўскага замка. А што начынне яго пакуль небагатае — замкавае і дзяржаўнае — дык гэта справа нажыўная. У замак пакрысе вяртаюцца ягоныя рэчы, і сам ён быццам памаладзеў пасля рэстаўрацыі. Цяпер сюды едуць з многіх куткоў не тое што Беларусі, але з усяе Еўропы... Летась амаль 200 тысяч турыстаў пабывалі... І там — сведчу — ёсць на што падзівіцца. Але пра гэта ў наступнай публікацыі...

Аўтар:

Фота аўтара.



Источник: http://www.nv-online.info/by/257/printed/42776/%D0%94%D1%8B%D1%8F%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D1%82-%D1%83-%D0%BA%D0%B0%D1%80%D0%B
Категория: История Несвижа | Добавил: nesvizh1223 (28.02.2012)
Просмотров: 867 | Комментарии: 1 | Рейтинг: 5.0/2 |
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: