Канфлікт у музейным асяродку:
Нясвіж і Мінск не могуць падзяліць партрэты Радзівілаў
У музейным асяродку кіпяць жарсці і наспявае скандал. У часе
абмеркавання музеіфікацыі Нясвіжскага замка думкі падзяліліся. Нясвіж
лічыць, што арыгіналы партрэтаў, якія знаходзіліся ў замку да 1939 года,
мусяць вярнуцца туды, дзе былі заўжды. Мінскія музеі не хочуць аддаваць
каштоўныя творы мастацтва, збядняць сваю экспазіцыю. "Звязда" дала выказацца ўсім зацікаўленым бакам.
ПАЗІЦЫЯ НЯСВІЖА:
"Як можна замак са Спісу ЮНЕСКА абвешаць копіямі і муляжамі?!”
Пазіцыя Нясвіжу празрыстая і зразумелая -- каб пасля аднаўлення ўсяго
замка сюды вярнуліся ўсе арыгіналы радзівілаўскіх партрэтаў. Чаму
калегі з Мінску не падтрымліваюць у гэтым нясвіжскі музей, мы гаворым з намесніцай дырэктара па навуковай працы музея-запаведніка "Нясвіж” Галінай КАНДРАЦЬЕВАЙ.
-- Галіна Міхайлаўна, я так разумею, што прымаць рашэнне ў гэтым пытанні мусіць Міністэрства культуры. Якая іх пазіцыя цяпер?
-- Пазіцыя зразумелая, яна была агучаная ў прэсе – спачатку даць
арыгіналы партрэтаў, а пасля паступова замяніць іх копіямі. Мы людзі
дзяржаўныя – і ў любым выпадку падпарадкуемся канчатковаму рашэнню
Міністэрства.
-- Сёння ў замку Радзівілаў няма ніводнага арыгінала партрэтаў, так?
-- Ёсць толькі дзьве маленькія арыгінальныя гравюры XVII стагоддзя, якія
гэтым летам падараваў замку князь Мацей Радзівіл. На гэтых гравюрах
выяўленыя Януш Радзівіл і Мікалай Радзівіл Сіротка. Але гэта не партрэты
з палацавай калекцыі – гэта проста выявы Радзівілаў з тагачасных кніг.
Партрэты, якія заўжды належалі замку, знаходзяцца цяпер у двух мінскіх
музеях – мастацкім і гістарычным. Іх так і падпісваюць – "са збораў
Нясвіжскага замка”. Але аддаваць яны партрэты, здаецца, не збіраюцца. І
матывуюць гэта рознымі прычынамі! Але мы павінны ўсведамляць, што
Нясвіжскі замак, як і замак у Міры, гэта два адзіныя беларускія замкі,
улучаныя ў Спіс ЮНЕСКА. І насычаць замкі экспанатамі мы павінны
памятаючы пра гэта. Паводле аднаго з правілаў канвенцыі ЮНЕСКА,
аўтэнтычны асяродак мусіць максімальна захоўвацца ў і сярэдзіне. І
вяртанне рэчаў, якія раней належалі да замку – адное з патрабаванняў
гэтага правіла ЮНЕСКА. Да таго ж, у Беларусі не так шмат падобных
аб’ектаў, каб насычаць іх бутафорскімі рэчамі. Гэта прэстыж дзяржавы,
пра які мы мусім клапаціцца. У адноўленым замку плануецца праводзіць
дзяржаўныя на самым высокім узроўні. І дзе? Сярод муляжоў і копій?
-- Вы настойваеце, каб з мінскіх музеяў вярнулі ўсе партрэты?
-- Партрэтаў і карцін сёння ў Беларусі, дарэчы, не так шмат, як хацелася
б. У 1939 годзе іх было 264. Цяпер у Беларусі вядомы толькі 71 партрэт.
І два бюсты ў мастацкім музеі. Прычым, бюст Марыі Браніцкай яны згодныя
аддаць, бо ён у дрэнным стане, а бюст Антонія Радзівіла захаваўся
цудоўна – і тут мы адказу пакуль не маем… На сённяшні дзень у канцэпцыі
музеіфікацыі мяркуецца вяртанне ўсіх партрэтаў, і не толькі з мінскіх
музеяў. Па-магчымасці – арыгіналаў. Зразумела, што Польшча зараз не
аддасць арыгіналы, просім пакуль што якасныя копіі. Але калі ў самой
Беларусі захаваліся партрэты з замка – дзе падставы ўтрымліваць іх у
іншым месцы, апроч замка?!
-- У ваш бок гучыць закід, што ў Мінску гэта каштоўныя экспанаты, а ў вас гэта будзе частка інтэр’еру…
-- Існуюць розны падыходы пры музеіфікацыі аб’ектаў. Адзін падыход –
экспанаванне прадметаў у адрыве ад праўдзівага асяроддзя. Так, як яны
экспануюцца ў мастацкіх музеях. Іншы падыход – экспанаванне ў
арыгінальным інтэр’ерным асяроддзі. Мы размесцім іх так, як размяшчалі
іх самі Радзівілы. Партрэт мусіць знаходзіцца ў тым асяроддзі, у якім ён
некалі быў.
-- А што вы адкажаце сталічным музеям, якія непакояцца за збядненне сваіх экспазіцыяў?
-- На мой пункт гледжання, гэта не зусім дзяржаўны падыход. Бо каб
зрабіць якасную копію, трэба ўкласці агромністыя сродкі – некалькі тысяч
даляраў за кожны партрэт. Нашто пускаць гэтыя дзяржаўныя грошы на
вецер? За іх можна набыць новыя цікавыя экспанаты – музейны фонд
Беларусі ўзбагаціцца! Бо партрэты Радзівілаў застаюцца ў краіне, яны
нікуды не знікаюць! Збяднеюць сталічныя музеі? Гэтыя партрэты экспануюць
не так даўно – усяго некалькі гадоў. А да гэтага таксама ж экпанавалі
нешта?! І не лічылі беднай сваю экспазіцыю? Заўважце, што як толькі
пайшла гаворка пра вяртанне партрэтаў у Нясвіж – абодва мінскія музеі
тут жа вывесілі ЎСЕ радзівілаўскія партрэты, якія былі ў фондах.
Разумееце, зараз усё адно плануецца перадача партрэтаў у Нясвіж – на
часовы дэпазіт. І не застануцца ж у Мінску пустыя сцены?.. Знойдуць, што
паказаць? А наведвальнікі музея змогуць пабачыць цэлы шэраг цікавых
музейных каштоўнасцяў, якія рэдка пакідаюць сцены фондасховішчаў.
-- Галіна Міхайлаўна, мастацкі музей вінаваціць вас, што
партрэты, якія знаходзіліся ў Нясвіжы на дэпазіце, вярнуліся не ў
належным стане…
-- Ведаеце, калі гэтыя партрэты былі ў нас, мы звыкліся з сітуацыяй,
калі пяць карцін прыязджаюць правяраць пяць чалавек. Такія праверкі
ладзіліся некалькі разоў. І ні разу яны не сказалі: "Дрэнныя ўмовы,
забіраем”. Мы аддалі партрэты самастойна. І звязана гэты было з тым, што
партрэтаў было толькі пяць, яны былі разрозненыя. А ў той час да нас
паступілі вітрыны, мы пачалі мантаж новай выставы. Для партрэтаў у нас
прадугледжаныя іншыя залы, дзе яны будуць у цэнтры ўвагі. Залы, дзе
запраектаваная адпаведная сітэма падтрымання тэмпературна-вільготнаснага
рэжыму. Партрэты ў мастацкі музей здадзеныя паводле актаў без зменаў.
Прэтэнзіі мастацкага музею неабгрунтаваныя. Бо калі б мы, крый Божа,
нешта пашкодзілі, быў бы ўжо сусветны скандал, агучаны ў прэсе.
ПАЗІЦЫЯ МАСТАЦКАГА МУЗЕЯ:
"Дастаткова якасных жывапісных копіяў”
У Нацыянальным мастацкім музеі знаходзіцца каля трох дзесяткаў партрэтаў
з Нясвіжскага замка, а таксама графічныя малюнкі Фалата і два бюсты з
Бальнай залі замка. Гэтыя творы былі перададзеныя ў музей у 1940 годзе, у
часе размеркавання замкавай маёмасці між рознымі дзяржаўнымі
інстытуцыямі. Ці будзе гэтая спадчына Радзівілаў вернутая ў замак, мы
гаворым з намесніцай дырэктара па навуковай працы Нацыянальнага мастацкага музея Надзеяй УСАВАЙ.
-- Надзея Міхайлаўна, зараз пытанне стаіць у тым, ці перадасцё вы партрэты Радзівілаў назад у замак…
-- Канцэпцыя музеіфікацыі замка вельмі слабая. Мяркуецца стварыць
"пышную рэзідэнцыю” з антыкварных рэчаў, якія не маюць непасрэднага
дачынення да замку. І ў гэтай экспазіцыі гістарычныя партрэты будуць
толькі часткай так званых "статычных” інтэр’ераў! Але гэта выбітныя
творы мастацтва, нацыянальнае дастаянее! Тут, у Мінску, іх могуць бачыць
усе ахвотныя. У Нясвіжы яны будуць з’яўляцца фонавым жывапісам. Мы
разумеем, што выявы прадстаўнікоў рода Радзівілаў мусяць там быць, бо
гэта палац Радзівілаў. І задача нясвіжскага музею – паказаць ролю гэтай
сям’і ў гісторыі Беларусі цягам стагоддзяў… Для гэтага дастаткова
высокаякасных копій. Напрыклад, у Мірскі замак, таксама спадчыну
Радзівілаў, хаця гэта і філіял нашага музея, мы не будзем даваць
арыгіналы партрэтаў, а замаўляем выраб мастацкіх копій.
-- У Нясвіж вы таксама вырашылі нічога не даваць?
-- Мы згодны даваць партрэты на дэпазіт – на кароткатэрміновыя выставы. У
нас ужо ёсць досвед перадачы 7 партрэтаў. За тыя 4 месяцы партрэты
"павяло” – халсты сталі правісаць. Значыцца, там пакуль яшчэ
недастатковыя ўмовы захоўвання і няма прафесійных
спецыялістаў-рэстаўратараў і захавальнікаў.
-- Палац, разам з іншай нясвіжскай спадчынай Радзівілаў, улучаны
ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Вы прапануеце помнік сусветнага
значэння абвешаць копіямі і муляжамі?
-- У Спіс ЮНЕСКА ўвайшлі не палацавыя інтэр’еры, якія не захаваліся
належным чынам, а ўвесь палацава-паркавы ансамбль былой рэзідэнцыі
Радзівілаў. Наконт муляжоў… Звярніце ўвагу, што ні Нацыянальная
бібліятэка Беларусі, ні Нацыянальныя архівы не перадаюць кнігі і
унікальныя дакументы з замка… Чаму, як вы лічыце?
-- Таму што чытаць наведнікам іх усё адно не дадуць. А якая розніца, што будзе стаяць замкнутае ў шафе?..
-- Менавіта. А чаму мы павінны рызыкаваць захаванасцю нацыянальных
мастацкіх скарбаў Беларусі канца XVI –XIX стагоддзяў у гэтай сітуацыі,
калі ўсё астатняе – дэкор інтэр’ераў, скляпенні, мэбля – будзе
неаўтэнтычнае, муляжнае?
-- Вы кажаце, што партрэты ў адноўленым замку будуць выконваць
ролю аздобы інтэр’ераў. А вам не падаецца, што ў Радзівілаў яны
выконвалі такую самую ролю? І, вядома, мемарыяльную – бо гэта партрэты
сваякоў…
-- Але, на думку большасці музейшчыкаў, палац не павінен быць адноўлены
як жытло Радзівілаў узору пачатку ХХ стагоддзя!.. Мэта музею – паказаць
ролю Радзівілаў у нашай гісторыі. Але для гэтага неабавязкова перадаваць
у замак каштоўныя крохкія арыгіналы. Ва ўсім свеце практыкуецца выраб
копій дзеля захаванасці арыгіналаў: скульптуры Акропаля, творы
Мікелянжэла ў Фларэнцыі, алтарны жывапіс Заходняй Еўропы…
-- А вам не падаецца, што вы і Нясвіж ацэньваеце гэтыя партрэты
па-рознаму? Вы – як творы мастацтва, а яны – як рэчы Радзівілаў, якія
трэба вярнуць у замак?..
-- Але гэта ўжо не "рэчы Радзівілаў”, а нацыянальная спадчына нашай
краіны! Так ацэньваюцца гэтыя рэчы і ў Польшчы, і ў Літве - у Вілянуве,
Небарове, Біржае, Вільнюсе… Так склалася гістарычна. Наколькі я ведаю,
аўтэнтычных "радзівілаўскіх” рэчаў у Нясвіжскім палацы няшмат. Стварыць
інтэр’ерныя экспазіцыі у былым выглядзе – утопія. Партрэты, нават
аўтэнтычныя – не ратунак у гэтай праблеме. Нясвіж яны не выратуюць, а ў
нашай музейнай экспазіцыі з’явіцца прагал – адсутнасць беларускага
свецкага жывапісу, чаго нельга дапусціць.
-- Надзея Міхайлаўна, давайце падвядзем рысу – ці згодныя вы перадаць хаця б адзін арыгінальны партрэт у Нясвіж?
-- Толькі на часовыя выставы, на дэпазіт. Мы стаім на пазіцыі стварэння для Міра і Нясвіжа якасных жывапісных копіяў.
ПАЗІЦЫЯ ГІСТАРЫЧНАГА МУЗЕЯ:
"Напэўна, будзе няправільна – ці ўсё аддаць, ці ўсё пакінуць…”
Яшчэ адзін зацікаўлены бок – Нацыянальны гістарычны музей, дзе знаходзіцца тузін партрэтаў з Нясвіжскага замка. Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Сяргей Вечар
супраць таго, каб аддаць з музея ўсе арыгіналы партрэтаў. Спадар Сяргей
заклікае шукаць кампрамісны варыянт – дэталёва разглядаць, што трэба
перадаць у Нясвіж, а што пакінуць у музеі…
-- Спадар Сяргей, як у ваш музей патрапілі менавіта гэтыя партрэты з Нясвіжскага замка?
-- Лёс кожнага з дванаццаці партрэтаў даволі пакручасты, як і шлях, якім
яны трапілі да нас. Наш музей быў створаны ў пасляваены час, таму
некаторыя партрэты перахоўваліся спачатку ў музеі Вялікай айчыннай
вайны, некаторыя трапілі з Масквы – як напрыклад, партрэт Пане Каханку,
які трапіў да нас у 1988 годзе з фондаў Дзяржаўнага гістарычнага музея ў
Маскве. У нас яны былі адрэстаўраваныя, і зараз знаходзяцца ў самым
лепшым і запатрабаваным раздзеле нашага музея – "Гісторыя Беларусі ў
партрэтах і геральдыцы XVI-XVIII стагоддзяў”
-- Апроч партрэтаў, ці ёсць у вашых фондах нейкія рэчы, датычныя Нясвіжскага замку?
-- Улетку гэтага года, калі ўзнікла пытанне аб перадачы ў замак рэчаў,
што маюць дачыненне да Радзівілаў, мы ўважліва яшчэ раз усё
пераглядзелі. Такіх рэчаў практычна няма. У нашай калекцыі ёсць канапа і
два фатэлі, пра якія запісана, што яны нібыта паходзяць з палацу. Гэты
камплект патрабуе грунтоўнай рэстаўрацыі. І мы не супраць, калі ён
вернецца ў Нясвіж. Акрамя таго, мы прапанавалі Нясвіжу спіс з пяці
дзесяткаў старадаўніх экспанатаў, якія прапануем перадаць для ўтварэння
экспазіцыі ў замку.
-- Паводле якога прынцыпу дзяліліся партрэты між вашым і мастацкім музеямі?
-- Такіх падзелаў, пераразмеркаванняў было некалькі. Адзін – у 1968
годзе, калі ад нас у мастацкі музей была перададзена вялікая колькасць
партрэтаў. Апошні – у 2001 годзе. Крытэры падзелы былі даволі ўмоўныя.
Работы, якія мелі найбольшую мастацкую вартасць, перадаваліся ў мастацкі
музей. Работы, на якіх выяўленыя вядомыя гістарычныя асобы, ішлі нам.
Большасць партрэтаў Радзівілаў апынулася ў мастацкім музеі.
-- Я назіраю канфлікт. Нясвіж хоча вярнуць партрэты ў замак, каб
уключыць іх у экспазіцыю. Мінск, зраземела, аддаваць не хоча. Якая
вашая пазіцыя па гэтым пытанні?
-- Я б не называў гэта канфліктам… Сітуацыя такая, што ўнікальных
гістарычных матэрыялаў, кшталту гэтых партрэтаў, у музеях нашай краіны
ўвобмаль. І ёсць пытанне: чым начыняць нашыя адноўленыя палацы пасля
аднаўлення? Ці рабіць копіі, наватворы, ці перадаваць арыгіналы… Пытанне
дужа складанае, і адзінага вырашэння тут няма. Выключна
пераразмеркаваннем экспанатаў у межах нашай музейнай сістэмы яго не
вырашыш. Рэчы мусяць здабывацца праз аўкцыёны, набывацца ў
калекцыянераў, замаўляцца копіі ў замежных музеях… І хоць наш музей мае
велізарны фонд, але пры пільным разглядзе бачым, што падобныя экспанаты –
на вагу золата. Я не думаю, што некага абрадуе абядненне нашага музея.
-- Мяркую, што беднасць экспазіцыі Нясвіжскага замка таксама мала каго ўзрадуе…
-- Таму трэба шукаць варыянты!.. Можна вырабляць якасныя копіі... У
пэўнай колькасці павінны прысутнічаць і арыгіналы... Напэўна, будзе не
зусім правільна – ці ўсё аддаць, ці ўсё пакінуць. Але гэта пытанне для
абмеркавання. Бо калі мы зараз усе партрэты аддамо ў Нясвіж, і ў двух
галоўных музеях краіны практычна не застанецца гістарычнага партрэта –
гэта будзе таксама няправільна.
-- Спадар Сяргей, аднак многія людзі мяркуюць, што калі замак
цяпер набывае другое жыццё, то лагічна вярнуць туды тое, што там заўжды
было. У дадзеным выпадку – партрэты. Што вы на гэта мяркуеце?
-- Я хачу заўважыць, што большасць партрэтаў, якія знаходзяцца ў нас, і ў
мастацкім музеі – таксама з’яўляюцца копіямі. Копіямі тагачаснымі, якія
рабілі самі Радзівілы – дзеля таго, каб, напрыклад, партрэт Пане
Каханку вісеў у кожнай княскай рэзідэнцыі. Па-другое, я лічу, што і з
якаснымі копіямі можна стварыць адпаведную аўру! Нам трэба не збіраць
антыкварыят, а трэба паказаць у замку гісторыю рода Радзівілаў.
-- Карацей, вы супраць таго, каб аддаць усе партрэты, аднак – за кампраміс?..
-- Так! Некаторыя партрэты можна было б аддаць у Нясвіж, некаторыя
пакінуць у нас. Тут не павінны кіпець жарсці, як гэта ёсць цяпер. Да
прыкладу, партрэт перадапошняга ўладальніка замка Альбрэхта Радзівіла
можа вярнуцца ў замак. Але, скажам, Пане Каханку – вядомы дзяржаўны і
палітычны дзеяч, гістарычная асоба. Лічу, што месца гэтага партрэта – у
гістарычным музеі.
-- Спадар Сяргей, а ці не разглядаеце вы варянт вырабіць якасныя копіі для свайго музея, а ў Нясвіж усё ж аддаць арыгіналы?
-- Яшчэ раз паўтару, што цалкам пазбаўляць гэтых арыгіналаў галоўныя
музеі краіны – неразумна. У кожным канкрэтным выпадку трэба шукаць
кампрамісныя варыянты.
МЕРКАВАННЕ ЭКСПЕРТА:
"Гэтыя партрэты маляваліся для замку – і толькі там яны будуць выглядаць натуральна!”
Надзея Фёдараўна Высоцкая – спецыяліст найвышэйшага
класа. 40 гадоў яна адпрацавала ў Нацыянальным мастацкім музеі, была
загадчыцай адддзелу старабеларускага мастацтва. Прафесар, доктар мастацтвазнаўства, спецыяліст па радзівілаўскай іканаграфіі.
-- Надзея Фёдараўна, як вы лічыце, ці збяднеюць сталічныя музеі, аддаўшы Радзівілаўскія партрэты ў Нясвіж?
-- Абяскровіць гэтыя музеі немагчыма. У мастацкім музеі 27 тысяч
экспанатаў, гаворка ідзе прыкладна пра 60 партрэтаў. У гістырычным музеі
30 тысяч экспанатаў, гаворка ідзе пра 14 партрэтаў. Спакойна і
безбалюча без гэтага можна быць і аднаму, і другому музею. Іншая справа,
што дужа не хочацца аддаваць. Бо так гістарычна склалася, што помнікаў
гэтага часу захавалася няшмат. Таму яны павінны быць прадстаўленыя і ў
гістырычным музеі, і ў мастацкім. Аднак трэба думаць пра сваіх калегаў.
Партрэты не з’яжджаюць у Амерыку ці Італію!.. Мастацкі музей не так
даўно на тры гады аддаваў частку гэтых партрэтаў у Вільню – нізашто! І
гэта чамусьці не выклікала пытанняў. Дадам яшчэ, што і ў адным, і ў
другім музеі гэтыя партрэты абсалютна не глядзяцца. Шыкоўныя партрэты
павінны быць у шыкоўных інтэр’ерах!
-- Мінск вінаваціць Нясвіж у дрэнных умовах захавання: маўляў, сапсуеце ўсе карціны…
-- Ведаеце, і ў Расіі, і ў Еўропе я бачыла дзесяткі замкаў і палацаў,
дзе партрэты вісяць у натуральных умовах, без нейкіх асаблівых
прыстасаванняў. Давайце скажам больш: хіба ў Радзівілаў быў
клімат-кантроль у пакоях з партрэтамі?! І неяк жа захаваліся яны да
нашага часу! Сапраўды, сёння ў свеце ёсць даволі высокія стандырты да
памяшканняў, дзе павінны захоўвацца творы мастацтва. І кажу вам
абсалютна дасведчана: ніводзін наш музей не можа пахваліцца такімі
ўмовамі.
-- Іншае абвінавачанне да Нясвіжу – што там гэтыя каштоўныя творы будуць выконваць ролю практычна фоташпалераў…
-- Гэта немагчыма – панавешаць там гэтыя партрэты абы-як. Кожны з іх
маляваўся пад спецыяльнае месца ў замку – і калі ён зойме яго зноў, гэта
будзе выглядаць натуральна!
-- Надзея Фёдараўна, вашая пазіцыя – дзе мусяць быць Радзівілаўскія партрэты?
-- Натуральна, у Нясвіжскім замку!.. Магчыма, з часам, калі мастацкі
музей зразумее, што проста не можа жыць без некаторых партрэтаў – і
замовіць для Нясвіжа высокаякасныя жывапісныя копіі – можна будзе казаць
пра такі варыянт. Больш за тое, я лічу, што мастацкі музей вядзе
недальнабачную палітыку. Калі б ім так трэба былі гэтыя партрэты, музей
даўно б ужо вырабіў экстракопіі карцін, якія задаволілі б усіх. Іншая
справа, што сёння ў Беларусі няма капіістаў узроўню, які вымагаюць гэтыя
партрэты.
ПАЗІЦЫЯ РАДЗІВІЛАЎ:
"Усе арыгіналы мусяць вярнуцца ў замак”
Нашчадкі роду Радзівілаў за гэты год прыязджалі ў Беларусь тройчы. Два
разы – на чале з найстарэйшай прадстаўніцай роду, 92-гадовай пані
Эльжбетай Радзівіл, дачкой князя Альбрэхта Радзівіла. Каб даведацца, што
мяркуе пані Эльжбета, я затэлефанаваў да яе ў Варшаву.
-- Для мяне гэта пытанне адназначнае, -- адказала князёўна Эльжбета Радзівіл. – Тое, што належала замку заўжды, мусіць туды вярнуцца. Я вельмі ўдзячная мінскім музеям, што нашыя сямейныя партрэты перахоўваліся там у такім цудоўным стане, што яны былі адрэстаўраваныя. Аднак цяпер, калі беларуская дзяржава аднаўляе нашую сямейную рэзідэнцыю, сапраўджныя рэчы павінны заняць свае месцы. Ведаеце, калі я наведвала музеі ў Мінску і бачыла партрэты – то адразу згадвала, дзе які вісеў у замку. Спадзяюся, што ў часе наспутнага прыезду я пабачу іх на сваіх спрадвечным месцы – у Нясвіжскім замку.
Гэтае ж пытанне я задаў і князю Мацею Радзівілу. Ён
сёння – галоўны захавальнік матэрыяльнай спадчыны Радзівілаў, збірае
партрэты, пярсцёнкі, сямейныя ўпрыгожанні… Менавіта пан Мацей перадаў у
замак дзве арыгінальныя гравюры XVII стагоддзя, за свае грошы вырабіў
некалькі копіяў партрэтаў, копію абраза Божай Маці.
-- Мы, Радзівілы, думаем, што ўсе арыгіналы, якія былі там да вайны, павінны вярнуцца, -- адгукнуўся князь Мацей. – Аднак я зразумеў, што мінскія музейшчыкі лічаць іначай – і хочуць пакінуць іх у сталіцы, дзе больш людзей, дзе лепшыя ўмовы захавання. Я мяркую, што яшчэ ёсць час, каб знайсці добрае рашэнне гэтай праблемы.