Вы вошли как Турист
Группа "Гости"Приветствую Вас Турист!
Пятница, 26.04.2024, 12:00
Главная | Мой профиль | Регистрация | Выход | Вход | RSS

Праздники сегодня

Праздники сегодня

Наш опрос

Оцените мой сайт
Всего ответов: 241

Форма входа

Поиск

Календарь

«  Декабрь 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031

ФОТО

Национальный банк

Статистика


Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

О районе

Главная » 2009 » Декабрь » 14 » Сямейная дынастыя Сяргей
Сямейная дынастыя Сяргей
17:17

Газета - №232-234

14 декабря 2009

Фотография 1
Фотография 2

Для таго, каб зразумець, што яму нідзе лепей не будзе, як на роднай зямлі, Генадзю Сяргею спатрэбілася некалькі гадоў. Пасля  службы ў арміі, ужо маючы вопыт работы трактарыстам у сваім калгасе "Беларусь", ён папрацаваў вадзіцелем у Нясвіжскім аўтакамбінаце. А калі ажаніўся на дзяўчыне з суседніх Аношак, вярнуўся ў 1989 годзе ў родную  гаспадарку. Сеў на новенькі ГАЗ-53. Маладая сям'я  атрымала калгасны дом у вёсцы Грыцкевічы. Было гэта дваццаць гадоў таму.

- Дык у вас сёлета юбілейная дата? - перапытваю ў Генадзя Мікалаевіча падчас нашай гутаркі.

- Сапраўды - юбілейная… - мой  суразмоўца нават здзівіўся, бо ў гарачых працоўных буднях яму неяк і ў галаву не прыходзіла думка пра такі своеасаблівы юбілей.

Прыкінуў гады:

- Ну да, летам споўнілася дваццаць.

- І болей не хацелася ў горад?

- Не. Мне там, як я звычайна кажу, паветра не хапае. А тут дыхаецца свабодна, вольна. Не люблю я ў горадзе.

Цяжка асесці ў ім, пражыўшы з нараджэння гадоў 18-20 у вёсцы. Магчыма, камусьці і падабаецца. А я, калі з райцэнтра на выхадныя прыязджаў - усім цікавіўся: што ды як? Брат як раз памочнікам у бацькі працаваў… Цягнула мяне дамоў.

Генадзь Сяргей дзевяць гадоў адпрацаваў у калгасе вадзіцелем. А потым прапанавалі яму новы трактар МТЗ-1221 - і перайшоў у механізатарскую сям'ю. Усё-такі справа бацькі-трактарыста, Мікалая Мікалаевіча, яго ўрокі не прайшлі бясследна. І Генадзя цягнула да трактара. Любіць выконваць розную работу, якую  даручаюць: арэ, сее, убірае ўраджай. Пераканаўшыся, што чалавек ён  акуратны, да тэхнікі ставіцца  беражліва, зноў далі новы "Беларус" - МТЗ-2022. На ім і зараз працуе.

А першае знаёмства з тэхнікай  - якім яно было ў аднаго з лепшых механізатараў сённяшняга СВК  "Грыцкевічы" Генадзя Мікалаевіча Сяргея?

- Гэта вельмі даўно было. Можа, у класе пятым ці шостым вучыўся. Нават не бацька, а мой сусед тадышні па роднай вёсцы Нялепава, Мікалай Мікалаевіч Зінкевіч,  пасадзіў за рычагі свайго Т-74, - расказвае Генадзь Мікалаевіч. - Потым ужо ў бацькі  выведваў  таямніцы прафесіі. Памятаю, будучы дзевяцікласнікам, я нават працаваў за бацьку. Тадышні старшыня калгаса Іван Ільіч Кузьміч пахваліў: "Маладзец".

З атэстатам сталасці юнак атрымаў пасведчанне трактарыста Сноўскага вучэбна-вытворчага  камбіната.

Генадзь Сяргей яшчэ быў шафёрам, калі на час жніва яму прапанавалі збожжаўборачны камбайн "Дон". Першым памочнікам яго і стаў бацька. Мікалай Мікалаевіч ужо быў на пенсіі, але яшчэ пяць гадоў адпрацаваў  у адным экіпажы з сынам. Калі ўзрост даў аб сабе знаць, уступіў "пасаду" памочніка камбайнера нявестцы, жонцы Генадзя. Ганна Мікалаеўна дапамагала мужу на новай "Лідзе" тры сезоны.

- Апошнія ж пяць гадоў мы ўбіраем збажыну на пару з сынам Сашам.

Можа, і банальна гэта гучыць, але любоў да зямлі ў 19-гадовага Аляксандра Сяргея - таксама ад бацькі. І шляхі ў прафесію ў іх падобныя.

Генадзь Мікалаевіч, калі  ўпершыню даверыў хлопчыку руль "Беларуса", сам сядзеў поруч.  Падказваў.  Пасля заканчэння школы Аляксандр узяў накіраванне ад  гаспадаркі і вывучыўся на механізатара ў Капыльскім ліцэі. Адпрацаваў у "Грыцкевічах", як і патрабавалася па законе. Спадабалася. І застаўся тут. У планах пакуль што - звязаць лёс з роднымі мясцінамі. З бацькам яны цяпер працуюць на  роўных. Саша арэ, сее, косіць траву. Ды і на жніве вопыт набыў.

- Яму і збожжавы камбайн  можна давяраць, - упэўнены бацька.

- Саша, у час уборкі рана ўставаць  трэба, позна класціся спаць. А як жа - пагуляць, патанцаваць, на спатканне схадзіць? Напэўна ж, дзяўчына ў цябе ёсць? - пытаюся.

- Ёсць, - ківае наш малады суразмоўца. - А я, бывала, нават і не клаўся. - Смяецца. - Пераапрануся - і ў гараж.

- А на рабоце гэта не адбівалася? Спаць не хацелася?

- Не.

- Вось што значыць - маладосць. Ды ты, напэўна, фізічна моцны, вынослівы. Якім відам спорту займаешся?

- Наша Грыцкевіцкая школа знакамітая лыжнай падрыхтоўкай. У ліцэі гуляў у баскетбол. Люблю футбол, валейбол.

Цікава, а які від работы любіць гэты малады механізатар з Грыцкевіч?

- Араць, - адказвае Аляксандр Сяргей. - Вельмі цікава. Зямля пад плугам пераварочваецца пластамі - быццам хваля мар-ская… Глядзіш - і не налюбуешся…

Характэрная рыса - камбайнеры ў СВК "Грыцкевічы" ўсе маладыя. 43-гадовы Генадзь Сяргей - самы старэйшы. Трошкі старэйшыя ёсць сярод трактарыстаў увогуле,  адзін пенсіянер. А з кім побач Г.М.Сяргею цікавей, прыемней працаваць?

- Усе - добрыя работнікі. На ўсіх можна паспадзявацца, - расказвае Генадзь Мікалаевіч. - А больш за ўсё вырашаем пытанні з родным братам  Мікалаем і са стрыечным - Пятром Сіліцкім. Абодва - таксама механізатары. Яны  маладзейшыя за мяне.

Прыклад  бацькі і брата Генадзя адыграў  вялікую ролю ў жыцці Мікалая Сяргея. Спачатку ў яго таксама была работа ў сталіцы і райцэнтры, вучоба ў аўташколе па накіраванні  калгаса, шафёрскія будні ў сваёй гаспадарцы. Калі купілі тут новы пагрузчык "ТО", Іван Ільіч Кузьміч прыкінуў, каму можна яго даверыць. А метад для агітацыі выбраў  даволі своеасаблівы, мудры.  У тыя часы ў калгасе "Беларусь" працавала мясцовае радыё з узмацненнем гуку на вуліцы. І вось старшыня  паведаміў па ім калгаснікам,  што ў яго ёсць дзве кандыдатуры  на новы пагрузчык - браты Сяргей. "Але я думаю, што Коля згодзіцца, бо ў Гены машына навейшая", - сказаў старшыня. І звярнуўся да Мікалая: "Я цябе, як бацька родны, прашу…"  Што заставалася маладому чалавеку? Толькі згаджацца.

- Прафесіяналы, майстры сваёй справы, - так ахарактарызаваў механізатараў Сяргей старшыня СВК "Грыцкевічы" Уладзімір Уладзіміравіч Малахвей. - Гэта іменна той выпадак, калі чалавек валодае любой тэхнікай, з душой да яе адносіцца і мае добры працоўны вынік.

Дарэчы, самым умалотным для Генадзя Сяргея было леташняе жніво: 1560 тон збожжа вывелі яго на першае месца па гаспадарцы. 

А калі работа падабаецца - ты на ёй душой адпачываеш, яна прыносіць задавальненне. Фізічна - так, цяжка, стамляешся, а ўсё ж радасна.  Я лічу: калі моцна замучваешся на працы - значыць, гэта не тваё, трэба шукаць іншы занятак.

Бываюць, вядома, цяжкасці. Як, напрыклад,  залетась збажыну дажджамі ўбіралі. Тры бункеры  нажнуць - і ў гараж. На месяц жніво зацягнулася. Зразумела, які тады быў настрой… Ды й у зарплаце страцілі. Не тое, што сёлета: за 15 дзён усё - раз! - і зжалі. За новую работу ўзяліся.

Саша раздзяляе погляды бацькі. Ва ўсіх прадстаўнікоў механізатарскай дынастыі Сяргей у даным пытанні поўная згода. Калі б  меркавалі інакш - не было б і дынастыі.

 Як усе вяскоўцы, Генадзь Мікалаевіч з жонкай трымаюць жыўнасць: свіней, курэй. Раней была і карова, але прадалі - бракавала часу яе сустракаць з пашы, даіць, выганяць,  бо ўдваіх цэлымі днямі ў полі. (Ганна Мікалаеўна развозіла механізатарам абеды). Ды й дзеці выраслі, вялікай патрэбы ў малацэ не стала. (Малодшая дачка Ірына вучыцца ў 11 класе).

- Бацькі трымаюць карову, а мы ім дапамагаем, - тлумачыць Генадзь Мікалаевіч. - Калі захочацца малака  - пае-дзем да мамы ў Нялепава і возьмем.

Маці Генадзя і Мікалая - Таццяна Уладзіміраўна - працавала ў жывёлагадоўлі, у паляводстве. Вяла хатнюю гаспадарку, карміла - абмывала - выпраўляла на працу сваіх траіх мужчын. Добрых сыноў выхавалі яны з мужам,  стараннымі і працавітымі выраслі ўнукі. Запаведзь, якой  вучылі дзяцей - "Быць чалавекам - самае галоўнае" - хлопцы выконваюць.  І жывуць  не горш, чым у горадзе. Легкавая машына, дом з усімі выгодамі, камп'ютар, сучасная бытавая тэхніка - вось яны, атрыбуты многіх сённяшніх  вясковых сем'яў.

- Генадзь Мікалаевіч, Вы некалькі разоў падчас нашай размовы ўспаміналі Івана Ільіча Кузьміча…

- Іван Ільіч доўга кіраваў калгасам. Для ўсіх нас  быў прыкладам чалавечнасці, мудрасці, памяркоўнасці. Гады яго жыцця і старшынёўства пакінулі след у душы  кожнага…

Да слова, І.І.Кузьміч узначальваў "Беларусь" з 1976 да 1999 года, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі рэспублікі.

Цудоўна, калі ў моладзі ёсць такія мудрыя настаўнікі па жыцці - бацькі, кіраўнікі, што маладыя людзі ўмеюць  прыслухоўвацца да парад, умеюць  бачыць і пераймаць добрыя прыклады,  што яны палюбілі родную зямлю і ўжо не ўяўляюць сябе асобна ад яе. Яны сталеюць, самі становяцца бацькамі  і ўжо  сваіх дзяцей вучаць гэтай  простай і разам з тым каштоўнейшай ісціне.

 

На здымку:механізатары СВК «Грыцкевічы» бацька і сын Сяргей - Генадзь Мікалаевіч і Аляксандр (справа налева).

На здымку: першы сакратар райкама БРСМ Вольга Сільвановіч уручае Аляксандру Сяргею падарунак падчас работы ў Грыцкевічах маладзёжнага  перасоўнага шматпрофільнага цэнтра.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Категория: Оношки | Просмотров: 982 | Добавил: nesvizh1223 | Рейтинг: 5.0/1 |
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: