А я так думаю
У тэатры імя Горкага тры дні давалі "шэдэўр" Андрэя Курэйчыка
Я вельмі ўзрадаваўся, калі пачуў, што нашы служкі Мельпамены звярнуліся да тэмы роду Радзівілаў. Бясспрэчна, гэты найслаўнейшы беларускі род заслугоўвае і тэатральных пастановак, і літаратурных твораў, і кінафільмаў, і ўвогуле ўсебаковай увагі. Радзівілы — адзіны некаралеўскі род, які валодаў замкамі і палацамі ў дзевяці (!) еўрапейскіх краінах. У Радзівілаў пазычалі грошы Людовікі, а ў Нясвіжы за гасцей былі каралі і прынцы, курфюрсты і герцагі.
І вось, думаў сабе я, нарэшце гэты вакуум пачынае запаўняцца — ставіцца спектакль пра Пане Каханку! Драматург — Андрэй Курэйчык, рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Кавальчык.
Я даведаўся шмат новага, калі прыйшоў у Рускі тэатр. Высветлілася, што Радзівілы былі нейкімі дэбіламі і шызафрэнікамі. Пане Каханку ўвесь спектакль п'е і вучыць сялян лётаць ("Я научу белорусов летать! Они ведь не видят дальше своего носа"), адзін раз нават падае п'яны на сцэне. Караль Станіслаў Радзівіл сапраўды быў вядомым дзіваком — і на мядзведзях катаўся летам па солі, і гісторыі пра рассечанага напалову каня распавядаў. Аднак пры гэтым ён быў найзаможным магнатам Вялікага Княства, ваяводам віленскім, мечнікам вялікалітоўскім, вельмі ўплывовым чалавекам. Зводны брат Пане Каханку, Мацей Радзівіл, быў таленавітым кампазітарам. У спектаклі ён паказаны нібы хворы на галаву — у адзенні клоўна Пятрушкі, з яўным інфантылізмам: нават слугі дазваляюць сабе перыядычна фамільярна тузануць князя. Князя Мацея Радзівіла, які ўзброіў некалькі атрадаў у часе паўстання Касцюшкі, быў слаўным змагаром за незалежнасць Айчыны!
Такія анекдоты, канешне, могуць мець месца ў "мастацкай выдумцы" — як ахарактарызаваны жанр пастаноўкі на афішы. Аднак у нашых тэатрах яшчэ не было спектакляў пра Радзівілаў-дзяржаўных дзеячаў, Радзівілаў-культурных дзячаў, Радзівілаў — найвялікшых гістарычных асобаў. І ў звычайнага гледача можа ўзнікнуць пытанне пасля прагляду: а на чорта вы ставілі спектакль пра гэтых клоўнаў і вар'ятаў?.. Дык вось, аказваецца, чым займаліся гэтыя Радзівілы — стралялі пераапранутых у варон гандляроў і ціскалі па завуголлях прыдворных сялянак!.. Дык вось у якіх прыдуркаў пазычалі грошы Людовікі!..
Хоць, калі верыць спектаклю, кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі таксама быў хамам і грубіянам. Не ведаю, ці мог манарх сказаць князю Радзівілу: "Дерьмо эта картина! Херня какая-то, а не портрет!.." Ці мог Пане Каханку, хоць і дзівак, але славуты князь і арыстакрат, сказаць: "Страну свою просрали..." Мне здаецца, што тут выпадае казаць не пра мастацкую выдумку, а пра ўзровень драматурга і рэжысёра...
Увогуле, у спектаклі шмат мілых дэталяў. Напрыклад, калі Пане Каханку дэманструе сястры Тэафіліі і камердынеру скелет нейкага пцерадактыля, якога ён "выкапаў у зямлі". У Нясвіжы, трэба думаць. Гэтая дэталь прэтэндуе на навуковае адкрыццё і павінна стаць ўвагай айчынных археолагаў!..
Альбо момант, дзе Пане Каханку вядзе маналог перад свечкай. Ці то наўмысна, ці то выпадкова задзьмухвае свечку, бярэ барысаўскія запалкі — і запальвае зноў. Нагадаю — дзея ідзе ў 1784 годзе, запалкі былі запатэнтаваныя ў 1813-м.
Хоць спектакль ідзе на рускай мове (тагачасныя Радзівілы і ў страшным сне не размаўлялі па-руску), але навідавоку жаданне драматурга і рэжысёра зрабіць Пане Каханку хоць прыдуркам, але нацыянальным, беларускім. Калі кароль Панятоўскі чытае Радзівілу віншаванку на "местном наречии", князь з гонарам адказвае: "Это не наречие, это язык!.." А Тэафілія, сястра Пане Каханку, назіраючы за тым, як брат вучыць сялян лётаць, эмацыйна кажа: "Не полетят они! Это же белорусы!.."
...Перад спектаклем я, як заўжды, набыў праграмку. Там, апроч увядзення ў курс справы, было напісана колькі цікавостак з жыцця Пане Каханку. І пра селядцоў, якія нарадзіліся ад кахання князя Радзівіла з русалкай, і пра абмены шапкамі з сялянамі, і пра катанне летам па солі на санях з мядзведзямі. Забыліся аўтары толькі адну, вельмі цікавую і пікантную дэталь. Навукоўцы дакладна высветлілі, што ў часе банкетаў пасля каторай чаркі крамбамбулі Пане Каханку мог раптам устаць перад гасцямі і запраста пачаць, даруйце за падрабязнасці, мастурбаваць на вачах аслупянелай шляхты. Мне было трывожна: няўжо ў п'есе, паказваючы дзівака Радзівіла, перададуць і гэтую дакументальную асаблівасць?.. Стрымаліся, не паказалі. А пасля прагляду мяне азарыла: тое, што я непакоіўся пабачыць у нейкай сцэне спектакля — цягнулася ўвесь спектакль!
Цяжка, безумоўна, ацэньваць спектакль, які не прэтэндуе на гістарычную дакладнасць, а з'яўляецца толькі "мастацкай выдумкай". Аўтары самі ацанілілі сябе. Падсвядома. У сцэне, дзе Пане Каханку кажа брату Мацею Радзівілу пра ягоную п'есу: "По-моему, полное дерьмо. Такая халтура — смотреть стыдно".
Глеб ЛАБАДЗЕНКА.
Источник: www.zviazda.by