Вясна ў наш горад прыходзіць разам з "Музамі Нясвіжа" |
Город Реутов, Московская область. Россия
Город Росолини, Область Сицилия, Италия
Город Пулавы, Люблинское воеводство, Польша
Город Злотув, Великопольское воеводство, Польша
Город Одолянов, Великопольское воеводство, Польша
Город Горис, Область Сюник, Армения
Город Лайхинген, земля Баден-Вюртембер, Германия
Сямнаццатае імгненне мастацкай вясны | 09:13 | ||
Многія несвіжане пагодзяцца з тым, што сапраўдная вясна ў наш горад прыходзіць разам з "Музамі Нясвіжа", славутым святам мастацтваў, якое разам з водарам бэзу прыносіць з сабой гукі музыкі, фарбы карцін і новыя для нас тэатральныя пастаноўкі. Вось і сёлета ХVII "Музы Нясвіжа", прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, пачаліся са спектакля Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра "Мая жонка - ілгуння" па п'есе Мэйё і Энэкена (фота 2, 3). Поўная гумару і камічных сітуацый пастаноўка прайшла з вялікім поспехам - зала гарачымі воплескамі доўга не адпускала сталічных артыстаў са сцэны, дзякуючы ім за выдатную акцёрскую ігру і цудоўныя спевы. Ды і змест спектакля, на першы погляд, такога лёгкага і камічнага, прымушаў задумацца аб зусім не смешных рэчах - паталагічнай рэўнасці і хлусні, якая, як снежны ком, усё расце і, у рэшце рэшт, засыпае з галавой тых, хто яе спарадзіў. Вядома, у спектаклі усё скончылася добра, героі знайшлі паразуменне і даравалі адно аднаму памылкі, а гледачы атрымалі вялікую асалоду ад сустрэчы адразу з дзвюма музамі - тэатральнай і музычнай. Другі дзень нясвіжскага свята мастацтваў быў вельмі багатым на падзеі. Так, у першай яго палове ў цэнтральнай раённай бібліятэцы вы-ступіў з канцэртам "Музыка беларускіх сядзібаў" ансамбль салістаў на драўляных духавых інструментах пад кіраўніцтвам дацэнта Івана Брычыкава, а пасля пачалася навукова-практычная канферэнцыя на тэму "Нясвіж - мастацкая сталіца Беларусі", якую вяла доктар мастацтвазнаўства прафесар Вольга Да-дзіёмава (фота 4). Гэта канферэнцыя стала яшчэ адным лёсавызначальным крокам у асваенні багаццяў айчыннага мастацтва і захаванні іх для нашчадкаў. Вынікі сваіх даследаванняў прадставілі не толькі вучоныя-музыказнаўцы, але і даследчыкі нясвіжскай архітэктурнай спадчыны, быту людзей XVI-XVIII стагоддзяў, іншых сфер, якія не былі дагэтуль вядомыя. Усё гэта адлюстравана ў кнізе "Нясвіж - мастацкая сталіца Беларусі", якая і была прэзентавана на канферэнцыі. Дарэчы, правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі - гэта спецыфіка менавіта нашага, нясвіж-скага свята мастацтваў (раней - фестывалю). Яго мастацкі кіраўнік, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, кавалер ордэна Францыска Скарыны, прафесар Міхаіл Фінберг адзначыў, што «менавіта навука дазваляе нам знаёміць слухачоў з музычнымі здабыткамі мінулых стагоддзяў, стварае канцэпцыйную базу ўсіх праграм, і, канешне, разгортваецца ў грунтоўных дакладах на навуковых форумах». Яшчэ адной адметнасцю гэтага дня стаў канцэрт творчых калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі - ансамбляў кларнетыстаў, флейтыстаў, трубачоў (фота 9), салістаў на драўляных духавых інструментах (фота 6), вакальнага ансамбля (фота 7), струннага квартэта (фота 5), струннага аркестра, - якія ўпершыню выступілі ў гістарычных сценах Тэатральнай залы замка Радзівілаў.
Гэтыя камерныя саставы выконваюць музыку розных народаў і розных эпох, што, як падкрэсліла бяззменная вядучая канцэртаў "Музаў Нясвіжа" Вольга Дадзіёмава, робіць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі ўнікальным па ўніверсальнасці калектывам, якому няма аналагаў у свеце. Канцэрт пад назвай "Шляхі мецэнацтва. Да 500-годдзя дынастыі Радзівілаў" даў слухачам магчымасць яшчэ раз пераканацца ў гэтым. Музыка, якая прагучала ў ім, стала рэдкім узорам музычнага мастацтва ХVI стагоддзя. У гэты час у Нясвіжы квітнелі тыя цудоўныя музычныя фарбы, у якіх адбілася святло вялікай эпохі - эпохі Рэнесансу, эпохі Скарыны. У многім, калі не ва ўсім, гэта стала магчымым дзякуючы Радзівілам, пад апекай якіх працавалі многія кампазітары. Вацлаў з Шамотаў, Ян Карловіч, Ян Голанд - нямецкі кампазітар, які доўгі час жыў у Нясвіжы, Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаў Манюшка, Мацей, Антоній і Соф'я Радзівілы - творы гэтых кампазітараў, дзякуючы намаганням даследчыкаў музыкі, ізноў вярнуліся да слухачоў у канцэрце, прысвечаным 500-годдзю дынастыі Радзівілаў. Наступным крокам святочнай дзеі стала прэс-канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Шчэцька, начальнік упраўлення культуры Мінаблвыканкама Анатоль Акушэвіч, старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко і мастацкі кіраўнік свята мастацтваў "Музы Нясвіжа-2012" Міхаіл Фінберг. Журналістаў цікавіла многае - ад перспектыў "Муз Нясвіжа" на далейшыя гады да пытанняў адраджэння духоўнай спадчыны нашага горада. - Сённяшні дзень вельмі знамянальны для мяне, - сказаў, звяртаючыся да прадстаўнікоў СМІ, маэстра Міхаіл Фінберг. - Мы вельмі шмат працавалі ў розных бібліятэках Еўропы, каб сабраць музычны матэрыял, які сёння быў прадстаўлены на канцэрце, прысвечаным 500-годдзю дынастыі Радзівілаў. Гэта гістарычны канцэрт. І я, асабіста, вельмі ганаруся тым, што ў гэтым цудоўным замку, у выдатным акустычным асяроддзі мы правялі гэты канцэрт. Міхаіл Якаўлевіч таксама выказаў глыбокую ўдзячнасць кіраўніцтву Мінскай вобласці, упраўленню культуры, Нясвіжскаму райвыканкаму і ўсім несвіжанам за падтрымку і дапамогу ў правядзенні свята мастацтваў "Музы Нясвіжа-2012", а таксама за выданне кнігі па матэрыялах сёлетняй навукова-практычнай канферэнцыі "Нясвіж - мастацкая сталіца Беларусі". Адразу пасля прэс-канферэнцыі ў РЦКіА адбылося ўрачыстае адкрыццё мастацкай выставы жывапісу члена Беларускага саюза мастакоў Міхаіла Сеўрука і выставы юных мастакоў - выхаванцаў студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» пад кіраўніцтвам Святланы Купрыянавай (фота 8). У ім удзельнічалі намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Шчэцька, мастацкі кіраўнік свята мастацтваў "Музы Нясвіжа-2012" Міхаіл Фінберг, начальнік упраўлення культуры Мінаблвыканкама Анатоль Акушэвіч і старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко. Звяртаючыся да прысутных, Святлана Купрыянава адзначыла, што кожны год дзеці з яе студыі вельмі хвалююцца, рыхтуючы выставу да "Музаў Нясвіжа". Асабліва яны стараліся сёлета, ствараючы карціны на такую адказную тэму, як 500-годдзе дынастыі Радзівілаў. - Калі вы ўгледзіцеся ў карціны, вы ўбачыце душу і сэрца кожнага дзіцяці, якое яе стварала, яго хваляванне і трапятанне перад старонкамі вялікай гісторыі, якой поўніцца ваша зямля, - сказала Святлана Купрыянава. І сапраўды, яе вучні пастара-ліся адлюстраваць усю гісторыю роду Радзівілаў, усе яе асноўныя постаці, але заўважна было, што больш за ўсё іх кранула прыгожая і трагічная гісторыя кахання Барбары Радзівіл і Сігізмунда Аўгуста. Перад работамі на гэту тэму збіралася асабліва шмат гледачоў, і, відаць па ўсім, ніхто з іх не заставаўся раўнадушным. У спалучэнні ж з карцінамі пры-знанага майстра жывапісу Міхаіла Сеўрука, дзе былі так натуральна, так шчыра і шчымліва адлюстраваны віды і людзі Няс-віжчыны, работы юных мастакоў набывалі нейкі асаблівы выгляд, асаблівае гучанне, дэманструючы сувязь і, у той жа час, рознасць пакаленняў, традыцыі і навізну. Словы ўдзячнасці кіраўніку студыі выяўленчага мастацтва Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Святлане Купрыянавай за глыбокую і прадуманую падрыхтоўку выставы адрасаваў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко. Ён адзначыў, што кожны год яе выхаванцы з душой ставяцца да ўдзелу ў святочнай выставе, і яна ўносіць ў рознапланавае гучанне "Музаў Нясвіжа" сваю асаблівую, непаўторную ноту. - У гэтым годзе мы вырашылі дабавіць да работ юных мазырчан і выставу карцін нашага славутага мастака Міхаіла Сеўрука, каб іх змаглі ўбачыць не толькі несвіжане, але і нашы госці, якіх так шмат бывае на "Музах", - адзначыў кіраўнік раёна. Пасля агляду выставы ўсе рушылі ў глядзельную залу РЦКіА, дзе і адбылося ўрачыстае ад-крыццё свята мастацтваў "Музы Нясвіжа-2012" (фота 10). Першым з гэтай падзеяй павіншаваў прысутных намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Шчэцька. У сваім прывітальным слове ён адзначыў, што 17 гадоў - гэта тэрмін, за які чалавек становіцца дарослым, і нясвіжскі фестываль, як ён называўся раней, таксама шмат набыў за гэты час, паглыбіўся і развіўся. - Свята жыве і будзе жыць, - запэўніў Віктар Уладзіміравіч. У гэтым зацікаўлены і Мінаблвыканкам, і мясцовае кіраўніцтва. І мы зробім усё магчымае, каб Мінская вобласць моцна гучала ў культуры нашай краіны. Ён таксама выказаў удзячнасць галоўнаму ідэйнаму натхніцелю фестывалю маэстра Міхаілу Фінбергу, Нясвіжскаму райвыканкаму, усім жыхарам Нясвіжа за работу па арганізацыі і правядзенні "Музаў Нясвіжа-2012". З адкрыццём свята мастацтваў несвіжан і гасцей горада таксама павіншаваў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко. Ён адзначыў, што дзякуючы "Музам Нясвіжа" мы шмат даведаліся аб самабытнасці нашай культуры, і сёлета гэта свята праходзіць у асаблівы год - год, калі наш горад прызнаны культурнай сталіцай Беларусі. Гэта накладае на святочныя імпрэзы асаблівы адбітак, а на ўсіх арганізатараў - асаблівую адказнасць. "Сямнаццатым імгненнем вясны" назваў XVII-я "Музы Нясвіжа" начальнік абласнога ўпраўлення культуры Анатоль Акушэвіч. Ён таксама запэўніў, што са свайго боку будзе рабіць ўсё магчымае, каб "Музы Нясвіжа" жылі на нясвіж-скай зямлі яшчэ доўга-доўга. Завяршыў выступленні на ўрачыстым адкрыцці свята мастацтваў маэстра Фінберг, падзякаваўшы несвіжанам за цёплы прыём, які яны заўсёды аказваюць удзельнікам "Музаў", і паабяцаў, што праз год наш горад гэтак жа ўрачыста сустрэне "Музы Нясвіжа-2013". (Заканчэнне ў наступным нумары.) Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ | |||
Просмотров: 825 | Добавил: nesvizh1223 | Рейтинг: 5.0/1 | |