Смоўж вінаградны Сёлета беларусы заробяць на экспарце смаўжа каля 2 мільёнаў эўра. Чысты прыбытак эўрапейскіх партнэраў абяцае быць у 7-8 разоў большы. Сёлета ў Нясьвіжы нарыхтоўшчыкам было дазволена сабраць 14 тон вінаграднага смаўжа. Гэта на 6 тон больш, чым у папярэднім годзе.
У мясцовым райвыканкаме патлумачылі, што квота павялічаная, дзякуючы больш маштабнаму расьсяленьню смаўжа ў папярэднія гады.
– На ўсёй тэрыторыі раёну смоўж выдатна размнажаецца, праблемы ў захаваньні гэтага віду няма, – канстатуе начальнік раённай прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Міхаіл Чычко.
Як знаўца фаўны, суразмоўца патлумачыў: увогуле вінаградны смоўж у Беларусь завёз вядомы гурман з Нясьвіжу Радзівіл Сіротка. Было гэта ў ХYI стагодзьдзі.
– Захаваліся зьвесткі, што магнат жадаў разнастаіць харчаваньне тутэйшых, ён загадаў расьсяліць малюскаў у парках, якімі валодала шляхта, – кажа спадар Чычко і называе амаль 15 цяперашніх вясковых паркаў, дзе корміцца і плодзіцца вінаградны смоўж.
Як высьвятляецца, квота ў нарыхтоўцы смаўжа ў Нясьвіжы закрытая датэрмінова. Адказны за нарыхтоўку Іван Кендыш расказвае пра небывалы раней сэзонны ажыятаж:
– У калгасных вёсках цяпер нізкія заробкі, а мы плацілі зборшчыкам амаль па адной тысячы рублёў за кіляграм. Таму народ кінуўся зьбіраць смаўжоў, як раскіданае золата. Нават хлапчукі прыносілі ў мяхах па пуду і больш смаўжоў.
Той жа смоўж, толькі ў профіль Зьвесткі з Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя таксама сьведчаць, што ў Беларусі датэрмінова завяршаецца сэзон нарыхтовак вінаграднага смаўжа. У прыватнасьці, супрацоўнік прыродаахоўнага ведамства Ўладзімер Непачаловіч удакладняе, што Беларусь экспартуе сёлета 365 тон смаўжа. Гэта на 25 тон больш, чым у 2007 годзе.
– Нарыхтоўваць малюскаў дазволена да 15 ліпеня, але сэзон ужо даводзіцца закрываць, – канстатуе Ўладзімер Нечапаловіч, – ва ўсіх 51-м раёне квоты вычарпаныя.
Паводле Ўладзімера Нечапаловіча, попыт у замежжы (асабліва ў Францыі) на смаўжа зь Беларусі тлумачыцца пераважна нізкім коштам – 4-5 эўра за кіляграм. Акрамя таго, пастаўшчыкі зь Беларусі маўкліва выконваюць усе прэтэнзіі і патрабаваньні.
– Абавязкова трэба , каб смоўж "ачысьціўся", – удакладняе адзін з кіраўнікоў беларускай камэрцыйнай фірмы Сяргей Драгун, – для гэтага 3-4 дні трымаем яго ў скрыні ў цяню. На пунктах першаснай апрацоўкі ў Беларусі забіваюць смаўжа з дапамогай паравадзяной сумесі пераважна мужчыны. Далей жанчыны вымаюць тушкі з панцыру, выдаляюць абавязкова страўнік, калібруюць тушку па памерах і вараць. Затым усе тушкі разьмяркоўваюцца ў плястыкавыя пакеты, а пасьля – у кардонныя скрыні. Паралельна гэтаму ракушкі даводзіцца да ідэальнай гігіенічнай чысьціні і ўпакоўваюцца асобна.
Замежныя кулінары не выдаюць сакрэтаў у прыгатаваньні стравы. Вядома толькі, што тушкі вяртаюцца ў ракушкі і яны запаўняюцца спэцыяльным соўсам. Канчатковы прадукт – 12 смаўжоў на талерцы. Мінімальны кошт – ад 35 даляраў.
Такім чынам сёлета беларусы заробяць на экспарце смаўжа каля 2 мільёнаў эўра. Чысты прыбытак эўрапейскіх партнэраў абяцае быць у 7-8 разоў большы.
Галіна Баравая |
|