Интересно почитать [104] |
История Несвижа [70] |
Легенды Несвижа [49] |
Несвиж в прессе [124] |
Нясвiжскiя навiны [35] |
Культура Несвижа [33] |
Город Реутов, Московская область. Россия
Город Росолини, Область Сицилия, Италия
Город Пулавы, Люблинское воеводство, Польша
Город Злотув, Великопольское воеводство, Польша
Город Одолянов, Великопольское воеводство, Польша
Город Горис, Область Сюник, Армения
Город Лайхинген, земля Баден-Вюртембер, Германия
Главная » Статьи » Культура Несвижа |
Bernatowicz, Tadeusz. Miles Christianus et peregrinus. Fundacje Mikoіaja Radziwilla «Sierotki» w ordynacji Nieswieskiej. Warszawa, 1998. 234, IX. Доктар Тадэвуш Бернатовіч, віцэ–дырэктар Інстытута гісторыі мастацтва Варшаўскага універсітэта, добра вядомы даследчыкам і аматарам беларускага мастацтва і гісторыі. Ужо больш за дзесяць гадоў ён вывучае мастацкія помнікі Нясвіжа. Тое адчуванне, што радзівілаўская сталіца мае шэдэўры еўрапейскай вартасці, у працах Т. Бернатовіча знайшло поўнае навуковае абгрунтаванне. Дзякуючы папярэднім артыкулам аўтара, а цяпер і яго манаграфіі даведзена, што Нясвіж сапраўды можна лічыць мастацкай сталіцай старой Беларусі. Нясвіжу пашанцавала не толькі з таленавітым даследчыкам яго мінуўшчыны, але і з мецэнатам, які заклаў непарыўную традыцыю мастацкага развіцця горада — Мікалаем Крыштапам Радзівілам Сіроткам. Ён, па сутнасці, збудаваў горад. І не проста населены пункт, а горад–храм, горад–святыню, горад–музей. У шматлікіх ранейшых даследаваннях мастацкай спадчыны Нясвіжа бракавала сістэмнасці. Дзякуючы ўсебаковаму ахопу найранейшай мастацкай гісторыі Нясвіжа, а менавіта часоў Радзівіла Сіроткі, Бернатовічу ўдалося раскрыць не адну мастацкую таямніцу радзвілаўскай сталіцы. Перадумовай непасрэдна мастацтвазнаўчага даследавання аўтара было высвятленне ідэйных матываў, якімі кіраваўся Сіротка, калі праводзіў сваю будаўнічую і мецэнацкую дзейнасць. М.К.Радзівіл вызначаецца як «miles christianus et peregrinus» (гэтыя словы вынесеныя ў загаловак кнігі) — «рыцар хрысціянскі і паломнік». Навернуты ў маладосці з кальвінізму ў каталіцтва, Сіротка ўсё жыццё імкнуўся быць «хрысціянскім рыцарам», князем — падмуркам рыма–каталіцкага касцёлу, які пасля Трыдэнцкага сабору перайшоў у рашучую атаку на «ерэтычныя» плыні тагачаснай Еўропы: кальвінізм, лютэранства ды шмат іншых. Адметнасць сітуацыі ў Беларусі палягала ў тым, што бальшыня насельніцтва належала да праваслаўнай рэлігіі, «схізматыкаў», не яўных ворагаў каталіцызму, але, як меркавалася, ворагаў патэнцыйных. Аднак насуперак афіцыйнай дактрыне Рыма вялікія князі беларуска–літоўскай дзяржавы былі вымушаны праводзіць талерантную палітыку ў дачыннені да праваслаўя, у пэўнай ступені апеквацца ім, праўда, досыць паблажліва. Радзівіл Сіротка праводзіў палітыку ўмацавання каталіцызму ў праваслаўным асяроддзі і насуперак волі пратэстантаў. Ён перамог, а для нас каштоўнае тое, што разам перамагло яго мецэнацтва, добры густ, любоў да мастацтва. Мастацкая спадчына М.К.Радзівіла Сіроткі стала часткай сучаснага мастацкага жыцця Беларусі. Горадабудаўнічыя і мастацкія адкрыцці Бернатовіча цяжка пералічыць. Найважнейшыя з іх: высветлены першапачатковы праект, які быў пакладзены ў аснову пабудовы Нясвіжа, і адметнасці яго рэалізацыі; высветлены этапы пабудовы Нясвіжа і адметнасці яго рэалізацыі; вызначаны этапы пабудовы Нясвіжскага замка, аўтарства збудаваных Сіроткам каталіцкіх і уніяцкіх святыняў у іншых княжацкіх гарадах, мястэчках і вёсках — Свержані, Міры, Дзераўной, Чарнаўчыцах (у т.л. працы Яна Марыі Бернардоні); мастацкія асаблівасці і аўтарства пастаўленых Сіроткам надмагілляў сваякам і родным, выкарыстанне ў італьянскіх творах мастацтва ў Нясвіжскім езуіцкім касцёле (алтар Св.Крыжа, надмагілле К.М.Радзівіла) рэдкага мастацкага прыёму «рота» — наўмыснага разбурэння помніка, што адным з выдавецкіх рэцэнзентаў кнігі вызначана як адкрыццё еўрапейскага маштабу; высветлены імёны нясвіжскіх майстроў — памочнікаў і паплечнікаў знакамітых архітэктараў і скульптараў; вызначаецца першапачатковы склад Нясвіжскай галерэі партрэтаў і г.д. Кніга Бернатовіча ўтрымлівае такі вялізны матэрыял, што патрабуюцца доўгія гады на яго засваенне, верыфікацыю, крытыку. Але і сёння можна зрабіць некаторыя назіранні і заўвагі на палях гэтай працы. Адной з юрыдычных падставаў ператварэння Нясвіжа ў трывалы адміністрацыйны і культурны цэнтр Радзівілаў было заснаванне Нясвіжскай, а разам з ёй Алыцкай і Клецкай ардынацый — буйных непадзельных маёнткаў, якія перадаваліся ў спадчыну старэйшаму ў адпаведнай мужчынскай лініі роду Радзівілаў. Тадэвуш Бернатовіч мяркуе, што спачатку дамову пра ўтварэнне ардынацый заключылі ў 1579 г. уладальнікі Нясвіжа і Алыкі М.К.Радзівіл Сіротка і Станіслаў Радзівіл, а пасля да іх у 1586 г. далучыўся ўладальнік Клецка Альбрыхт Радзівіл (ёсць спасылка на навукова неахайную працу Аляксандра Меленя 1929 г.). Пра дакумент умовы 1579 г. гісторыкі дагэтуль не ведаюць, яго і не магло быць, бо ў гэты час Станіслаў Радзівіл вандраваў па Еўропе, а Сіротка ўдзельнічаў у вызваленні Полацка. Заслугаю Бернатовіча ёсць распрацоўка першапачатковага плана Нясвіжа, як ён задумваўся М.К.Радзівілам Сіроткам. Дагэтуль у беларускай літаратуры з кнігі ў кнігу пераходзілі пазнейшыя планы Нясвіжа канца ХVIII — пачатку ХIХ ст., якія, як меркавалася, перадавалі выгляд горада і ў больш раннія часы. Нясвіж на гэтых планах меў выгляд няправільнага шматвугольніка, меркавалася, што план горада першапачаткова быў блізкі да квадрата і меў рэгулярную, прамавугольную разбіўку на кварталы (Уладзімір Чантурыя). Бернатовіч даводзіць, што Нясвіж быў задуманы як сіметрычны пяцівугольны ў плане горад з лабірынтавай сеткай вуліц і 5 праязнымі брамамі. Такая рэканструкцыя, аднак, параджае некаторыя сумненні. Па–першае, яна не вынікае з пазнейшых планаў горада, з гравюры Томаша Макоўскага (від Нясвіжа на мяжы XVI—XVII ст.) Па–другое, з прывілея М.К.Радзвіла Сіроткі нясвіжскім мяшчанам 1586 г. вядома, што ён абавязваў іх вымураваць дзве праязныя брамы. Падаецца, што Сіротка меркаваў спачатку выбудаваць Нясвіж прамавугольным у плане і толькі з дзвюма брамамі (верагодна, праз першую ішла дарога на Слуцк, праз другую — на Вільню). У цэнтры месціўся прамавугольны Рынак, ад бакоў якога адыходзілі чатыры вуліцы. Толькі з заснаваннем бенедыктынскага жаночага кляштара (фундуш быў выдадзены ў 1590 г.) Нясвіж набыў больш складаныя абрысы ў плане, бо жаночы кляштар абавязкова павінен быў ахоплівацца гарадскімі ўмацаваннямі. Вялікую цікавасць маюць назіранні Бернатовіча над архітэктурнымі асаблівасцямі і стылістыкай тых святыняў, якія былі збудаваны паводле загаду Сіроткі. Аўтар упэўнены, што Новасвержанскі (паўстаў паміж 1588 і 1660 г.) і Мірскі (1685—1604 г.) касцёлы, якія захаваліся да нашага часу, а таксама нясвіжскі шпіталь з капліцай Св.Духа з’яўляюцца творамі Я. М.Бернардоні. Зразумела, заўсёды існуе тэндэнцыя прыпісваць ананімныя творы мастацтва якому–небудзь знакамітаму майстру. Але ў гэтым выпадку довады Бернатовіча выглядаюць вельмі пераканаўча і з імі можна пагадзіцца. Больш за тое, ёсць падставы звязаць з творчасцю знакамітага архітэктара яшчэ адзін касцёл, а менавіта ў Клецку. У іншым месцы намі былі высунуты некаторыя аргументы на карысць гэтай гіпотэзы (Клецкі касцёл збудаваны паміж 1585 і 1592 г.)1. Да творчасці Бернардоні Т.Бернатовіч схільны адносіць і уніяцкую царкву ў Новым Свержані. Касцёлы ў Дзераўной (1590—1598 г.), Белай (1596—1603 г.) і Чарнаўчыцах (да 1616 г.), пабудаваныя з фундацый М.К.Радзівіла Сіроткі, адносяцца да іншага кола сакральнай архітэктуры — люблінскай, з яшчэ моцнымі гатычынмі рысамі. На жаль, не збярогся да нашага часу нясвіжскі прыгарадны касцёл св.Рафала, аднак, абапіраючыся на тагачасныя крыніцы і назіранні сучаснага даследчыка Ежы Пашэнды, аўтар абмаляваў і яго асаблівасці і далучыўся да погляду, што і гэта твор Бернардоні. Шкада, што Тадэвуш Бернатовіч не ўлічыў артыкул пра касцёл, які належыць пяру беларускай даследчыцы Тамары Габрусь2 . Вельмі цікавыя звесткі і разважанні аўтара наконт праваслаўных і уніяцкіх святыняў Нясвіжа. Сіротка, ганарлівы каталік, менш увагі аддаваў пераважным на Нясвіжчыне і Беларусі ў цэлым гэтым двум канфесіям, але і яны карысталіся падтрымкай з яго боку. Паказальна, што Сіротка перад адбыццём у Святую Зямлю ў 1582 г. надаў фундуш менавіта праваслаўнай святыні — Мірскай Святатраецкай царкве. Пасля падпісання Берасцейскай уніі 1596 г. князь падтрымліваў уніятаў. Ён надаў фундуш Нясвіжскай царкве св.Юрыя, даручыў Бернардоні будаваць цэрквы ў Новым Свержані (паўстала хутка пасля 1596 г., гэткім чынам, яна — першы уніяцкі мураваны храм Беларусі, выбудаваны спецыяльна для грэка–каталіцкай канфесіі) і Міры (мяжа XVI—XVII ст.). Верагодная праца Бернардоні над Новасвержанскай і Мірскай цэрквамі, якая прывяла да некаторых рысаў, не ўласцівых храмам усходняга абраду, дала магчымасць Бернатовічу казаць пра раннюю, спрадвечную «акцыдэнталізацыю» і «лацінізацыю» уніяцкіх святыняў, што раней аналізавалася ў асноўным у помніках XVIII і пачату ХIХ ст. Некалькі слоў варта было сказаць пра плябанію пры езуіцкім касцёле. Будынак стаяў ужо пры Сіротку, што можна разгледзець на гравюры Нясвіжа аўтарства Т.Макоўскага. Камяніца, якая стаіць цяпер амаль насупраць касцёла, мае больш познія рысы, але верагодна, што яна ўключыла больш раннюю пабудову. Бернатовіч адно змясціў здымак плябаніі, але ніяк не пракаментараваў яго. Значная заслуга Бернатовіча — устанаўленне аўтарства надмагілляў і алтара Св. Крыжа ў Нясвіжскім езуіцкім касцёле. Цяпер гэтыя шэдэўры не безыменныя. Алтар Св. Крыжа быў створаны ў Венецыі майстрамі Джыралама Кампана і Чазарэ Франка (сігнатуру апошняга Бернатовіч адшукаў на самім творы). Час стварэння алтара — 1583 г., як вынікае з надпісу на ім, а ў 1586 г. венецыянскі дож даў дазвол на яго вываз у Нясвіж. Такім чынам, гэты цудоўны твор венецыянскага разьбярства прызначаўся да першапачатковага касцёла, які быў разабраны ў сувязі з пабудовай новага, і толькі пасля быў перанесены ў новы, езуіцкі касцёл. Праект надмагільнай табліцы над пахаваннем М.К.Радзівіла Сіроткі, як мяркуе Бернатовіч, мог скласці Я.М.Бернардоні. Аўтарам надмагілля Сіроткі быў мастак з кола радзівілаўскага архітэктара і разьбяра італьянца Каспера Фадыгі (надмагілле выканана паміж 1593 і 1596 г.). Надмагілле жонкі Сіроткі — Эльжбеты Яўфіміі з Вішнявецкіх — знаходзіцца з іншага боку ад алтара Св.Крыжа і разам з надмагіллем мужа адпавядае адзінай задуме. Надмагілле княгіні было пастаўлена паміж 1596 і 1608 г. Пэўна, яно таксама было зроблена ў Венецыі майстрам Чазарэ Франка. На жаль, да нашага часу не дайшла вялікая сярэбраная табліца з рэльефнай выявай княгіні. Рэдкі помнік надмагільнага разьбярства — табліца над пахаваннем немаўляці Мікалая Радзівіла — першынца М.К.Радзівіла Сіроткі. Помнік паўстаў між 1588 і 1593 г., гэта твор малапольскага разьбярства. Нарэшце, адным з найбольш вядомых і цудоўных твораў сепулькральнага мастацтва з Нясвіжа з’яўляецца надмагілле яшчэ аднаго з сыноў Сіроткі — Мікалая Крыштафа Радзівіла. Яно таксама выйшла з венецыянскай майстэрні Чазарэ Франкі і Джыралама Кампаніа (апошняму належыць праца над бюстам маладога князя). Помнік зроблены ў тым самым 1607 г., калі памёр М.К.Радзівіл. Такім чынам, Бернатовіч вызначыў аўтарства найбольш значных твораў мастацтва з Нясвіжскага езуіцкага касцёла, пра італьянскія карані якіх даследчыкі раней толькі здагадваліся. Але былі адшуканы і імёны майстроў другога роду, аб працах якіх можна меркаваць на падставе нешматлікіх дакументаў з менскай часткі Радзівілаўскага архіва. Аўтарамі карцін з галерэі Сіроткі былі мастакі Юрый (упамінаецца некалькі разоў аж да 1609 г.), Эмануэль (1589 г.), Матэвуш (1599 г.). Т.Бернатовіч выказаў цікавыя думкі наконт таго, як магла выглядаць карцінная галерэя Сіроткі. Безумоўна, найбольш знакамітым мастаком пры двары князя быў гравёр Томаш Макоўскі, вядомы як выканаўца першай дакладнай карты Вялікага Княства Літоўскага і аўтар гравюр з выявамі беларускіх гарадоў. На жаль, Бернатовічу застаўся невядомым артыкул М.Ткачэнкі, у якім апублікавана забытая праца Макоўскага — партрэт Жыгімонта III3 , і абмінута гравюра Макоўскага з панарамай Гародні, таму характарыстыка творчасці знакамітага майстра аказалася не зусім поўнай. Яскравай старонкай мастацкай культуры Нясвіжа была вытворчасць бронзавых, багата аздобленых гармат. Іх звязваюць з дзейнасцю майстра Германа Мольцфельта. Т. Бернатовіч, аднак, паказаў, што той не можа лічыцца сапраўдным мастаком. Мяркуючы па жалаванні, якое майстар атрымліваў ад князя, ён быў адно ліцейшчыкам, а мастацкія формы для адліўкі гармат вырабляў невядомы па прозвішчы разьбяр Філіп. З імем М.К.Радзівіла Сіроткі звязаны пачатак разбудовы прыгараднай княжацкай рэзідэнцыі Альбы. Яе росквіт як палацава–паркавага комплексу прыпадае на XVIII ст. Бернатовіч адзначае, што Сіротка пасяліў тут галандскіх рамеснікаў, якія, між іншым, пачалі асушаць балоцістыя ваколіцы Альбы. Выказваецца меркаванне: калі галандцы займаліся бяленнем палатна, то адсюль утварылася назва паселішча Альба («белая» па лацінску). Відавочна, такая этымалогія некалькі павярхоўная. Больш пераканаўчая гіпотэза, якая выводзіць імя нясвіжскай прыгараднай рэзідэнцыі ад вілы Альба пад Рымам — месца адпачынку рымскай знаці. На жаль, па–за даследаваннямі Бернатовіча застаўся М.К.Радзівіл Сіротка як апякун яўрэйскай грамады Нясвіжа. У старой літаратуры сустракаюцца звесткі пра прывілей князя яўрэям 1589 г. і пра тое , што ён збудаваў для іх барокавую сінагогу. Вядома, адзінкавыя экзэмпляры польскамоўнага выдання не натоляць чытацкай прагі, але папулярызацыя высноваў працы Т.Бернатовіча давядзе яго цікавыя адкрыцці да шырокага чытацкага кола. Аптымальным крокам было б выданне кнігі на беларускай мове. Менск Валеры Пазнякоў 1 Пазднякоў В.С. Хрысціянскія святыні Клецка ХV—XIX стст. // Гістарычна–археалагічны зборнік. Мінск. 1996. № 10. 2 Габрусь Т. На гары Анёльскай // Мастацтва. 1993. № 12. 3 Ткачэнка М. Аўтарству стагоддзі не замінка // Мастацтва Беларусі. 1990. № 12. Источник: http://www.lingvo.minsk.by/~bha/07-2/568-574.htm | |
Категория: Культура Несвижа | Добавил: nesvizh1223 (17.02.2009) | |
Просмотров: 1108 | Комментарии: 1 | Рейтинг: 5.0/1 | |
Всего комментариев: 0 | |