Нясьвіскі
палац рэстаўрыруюць насамрэч рэвалюцыйнымі мэтадамі: Салігорскі
будтрэст № 3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі пускае ў ход сучасныя
будматэрыялы ды тэхналёгіі.
Нясьвіскі палац Радзівілаў сустракае мурашыным рухах
будаўнікоў. Яны капошацца на земляных валах вакол палацу, на ягоных
сьценах, дахах, у двары. У двары і пад сьценамі гудзе цяжкая будаўнічая
тэхніка.
На галоўнай браме зьявіліся шыльды, адна зь якіх
сьведчаць на латыні, што палац быў заснаваны ў 1583 годзе, другая —
што... адрэстаўраваны ён у 2010 годзе.
Першае, за што чапляецца
вока, калі трапляеш у двор — велізарная расьцяжка з назвай
прадпрыемства, што рэстаўрыруе княжы палац: Будтрэст № 3 Ордэна
Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Працы ў палацы і сапраўды ідуць з
рэвалюцыйным размахам. Зь земляных валоў зьдзіраецца дзірван, а самым
валам надаецца іншая форма — іх стылізуюць пад абарончыя бастыёны. Пры
гэтым вакол рову расьце абарончая сьцяна з тонкай чырвонай цэглы з
круглымі вежамі ў кутах. Гэта — цалкам навабуд, такога раней тут не
было, кажа старшыня ГА «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы
помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч, які зладзіў для
журналістаў вандроўку ў Нясьвіж і Клецак. У валах без усялякіх
папярэдніх археалягічных раскопак пракапалі траншэі ды праклалі дарогі,
па якіх трактары вывозяць будаўнічы друз.
Разбураную ў пачатку
году пераход-галерэю амаль аднавілі. Што праўда, з сучасных матэрыялаў
і з выкарыстаньнем сучасных тэхналёгіяў. А гэта — парушэньне
нацыянальнага заканадаўства і міжнародных пагадненьняў.
Нясьвіскі
палацавы комплекс унесены ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Паводле
Антона Астаповіча, Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і
культуры сумесна з Беларускай асацыяцыяй журналістаў ладзяць маніторынг
рэканструкцыі ў Нясьвіжы, напрыканцы году яны маюць даслаць у ЮНЭСКА
выніковую справаздачу. Навуковым кіраўніком аб’екту рэстаўрацыі
комплексу зьяўляецца Сяргей Друшчыц.