Важным аб’ектам, узведзеным сёлета ў эксплуатацыю ў нашым горадзе, безумоўна, з’яўляецца першы пускавы комплекс Палацавага ансамбля.
У аднаўленні і самім існаванні гэтага гістарычнага аб’екта зацікаўлена шмат лю-дзей. Аб тым, наколькі на сённяшні дзень запатрабаваны замак у турыстаў, што ў ім прапануецца наведвальнікам, і іншыя пытанні, звязаныя з новым жыццём старога замка, я задала людзям, чые лёсы тым ці іншым чынам судакранаюцца з ім.
Аляксей Міхайлавіч БУДНІК, загадчык сектара “Палацава-паркавы комплекс” Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”:
— З радасцю бачым, што экскурсій прыязджае вельмі шмат. У асноўным — з Беларусі. Буйныя турфірмы прывозяць экскурсантаў з Мінска, Брэста, Магілёва, Віцебска. Бывае часам з аднаго і таго ж горада па некалькі экскурсій за адзін дзень. Паступова падцягваюцца бліжэйшыя раёны — Клецкі, Капыльскі, Стаўбцоўскі, Слуцкі. Мясцовыя школы, як гарадскія, так і сельскія, таксама прыходзяць, і, напэўна, хутка іх пабывае ў замку яшчэ больш. А ўвогуле толькі за верасень — першы месяц пасля пачатку экскурсій — замак наведала больш за 5 тысяч чалавек, за кастрычнік — 15 тысяч. Наш гістарычны аб’ект цікавы з розных бакоў. Гэта і архітэктурны, і культурны помнік. Нясвіж заўсёды быў цэнтрам культуры ў Вялікім княстве Літоўскім, і сам род Радзівілаў быў вядомы не толькі ў Беларусі. Яго прадстаўнікі жылі і ў суседніх Літве, Украіне, Польшчы. Зараз да нас прыязджае шмат турыстаў з гэтых краін, асабліва з Літвы і Польшчы. Ім вельмі падабаецца наш горад — прыгожы, чысты, утульны. У ім засталіся непаўторныя абрысы старажытнасці. І гэта прыцягвае людзей, нягледзячы на адлегласць.
Сяргей Уладзіміравіч ЧЫСЦЯКОЎ, навуковы супрацоўнік НГКМЗ “Нясвіж”:
— Нягледзячы на тое, што для турыстаў адкрыты пакуль толькі першы пускавы комплекс замка, паглядзець ужо сапраўды ёсць што. Экскурсантаў чакаюць зала гісторыі, будаўніцтва і рэстаўрацыі замка, зала з фота-здымкамі яго інтэр’ераў XIX — пачатку XX стагоддзяў, зала архіва, дзе прадстаўлена гісторыя архіва і бібліятэкі Радзівілаў.
Мы расказваем, калі і ў сувязі з якімі падзеямі замак з’явіўся, на чые сродкі ўзводзіўся, хто кіраваў архітэктурнымі работамі і ўвогуле, якое значэнне меў замак у той час як для роду Радзівілаў, так і для дзяржавы ў цэлым.
Кожны гаспадар, кожная вайна, кожны пажар відазмянялі гістарычны аб’ект. І гэтыя змяненні можна ўбачыць на выдатна зробленых макетах у зале гісторыі, будаўніцтва і рэстаўрацыі замка. Там жа турысты знаёмяцца з перспектывай рэстаўрацыі.
Правільна ўявіць яго інтэр’еры дапамагаюць таксама фотаздымкі, перададзеныя нашчадкамі князёў Радзівілаў, на якіх адлюстраваны жылыя пакоі, рабочыя кабінеты і ўрачыстыя залы вялікага будынка. Дарэчы, у любым каталозе, у тым ліку і ў каталозе ЮНЕСКА, наш замак пазначаны як палацава-паркавы ансамбль, таму турыстам даецца інфармацыя і аб парках.
Наш асаблівы гонар — зала гісторыі радзівілаўскага архіва і бібліятэкі. Частка яе прысвечана бібліятэцы князёў, аднаму з самых буйных у Вялікім княстве Літоўскім кніжных збораў, а частка — архіўным дакументам, якіх у Беларусі засталося крыху больш за 10 працэнтаў. Тут можна ўбачыць і сапраўдныя кніжныя рарытэты, якія належалі бібліятэцы Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, і іх копіі.
Прадстаўлены і археалагічныя знаходкі. Яны дапамагаюць у рэканструкцыі замка і гістарычных падзей, якія тут адбываліся.
Безумоўна, экспазіцыя будзе пашырацца. У хуткім часе ў нас адкрыецца зала з арыгіналамі партрэтаў XVIII стагоддзя з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, фрагментамі слуцкіх паясоў, вырабамі Радзівілаўскіх мануфактур.
Вольга Мікалаеўна КАЗАЧУК, выкладчык гімназіі №2 г.Пінска, кіраўнік экскурсіі:
— Я выкладаю ў гімназіі маляванне і дызайн, і зараз проста ў захапленні ад усяго, што бачу тут. Ужо на ўездзе ў Нясвіж мясцовасць зачароўвае, і ўражанняў — мора. Нават дзеці, якіх мы прывозілі на экскурсію, слухаюць аповед пра замак, як казку. Хаця ўвагу такіх дзяцей — а гэта 5-6 класы — утрымаць не так проста.
Хочацца сказаць вялікі дзякуй экскурсаводу за эру-дзіраванасць і багатую мову (экскурсію вёў С.У.Чысцякоў (Аўт.), за ўменне захапіць сваімі словамі дзяцей. Бачу, як ім падабаецца, і гэта вельмі радуе.
Мы, дарэчы, не першы раз у Нясвіжы. Былі тут яшчэ да пачатку рэстаўрацыі. Відавочна, што будаўнікамі і навукоўцамі праведзена вялікая работа. І гэтыя дзеці, якія былі тут яшчэ ў пачатковых класах, таксама адразу заўважылі , што розніца паміж станам замка ў той час і яго сённяшнім днём — адчувальная.
Аляксей Георгіевіч ГРЫГА, прараб БУ-105 ААТ “Салігорскпрамбуд”:
— Гістарычная спецыфіка аб’екта моцна адбіваецца на ўсім ходзе аднаўленчых работ. Адкрываюцца розныя нечаканыя моманты і спосабы прымянення будаўнічых матэрыялаў і метады работы старадаўніх будаўнікоў, якія працавалі тут некалі. Бываюць сітуацыі вельмі складаныя, выйсце з якіх знахо-дзіцца цяжка. Напрыклад, калі разлічваеш убачыць фрагмент умацавання сцяны, ускрываеш яе, а сцяны там увогуле няма, замест яе — адна вялікая поласць. Прыходзіцца нярэдка пераконвацца, што і ў далёкія часы былі нядобрасумленныя работнікі — адразу відаць, дзе рабілі сапраўдныя майстры, а дзе тыя, хто не меў асаблівага паняцця ў будаў-ніцтве.
Яшчэ адна асаблівасць — неабходна абавязкова захоўваць патрабаванні, якія прад’яўляюцца да гістарычнага аб’екта: усюды, дзе можна, выкарыстоўваецца паўторна старая цэгла замка, якая застаецца пасля разборкі некаторых участкаў сцен, што павінны змяніць сваю форму. Прымяняецца таксама спецыяльны кладачны раствор — не цэментны, як прынята цяпер, а на аснове гашанай вапны, якая выкарыстоўвалася будаўнікамі мінулых вякоў. Участкі скляпенняў у пакоях аднаўляюцца па тэхналогіі тых часоў, калі ўзводзіўся будынак.
Працаваць тут і складана, і цікава адначасова. Але галоўнае — вельмі вялікая адказнасць за тое, што робіш, таму што потым на тваю работу будуць глядзець тысячы людзей, і трэба яе зрабіць так, каб у выніку не было сорамна. І наўрад ці мне давядзецца сутыкнуцца з падобным аб’ектам яшчэ калі-небудзь. Думаю, гэта будзе памяць на ўсё жыццё.
Апытанне рабіла Соф’я ЛЮБАНЕЦ
|