Интересно почитать [104] |
История Несвижа [70] |
Легенды Несвижа [49] |
Несвиж в прессе [124] |
Нясвiжскiя навiны [35] |
Культура Несвижа [33] |
Город Реутов, Московская область. Россия
Город Росолини, Область Сицилия, Италия
Город Пулавы, Люблинское воеводство, Польша
Город Злотув, Великопольское воеводство, Польша
Город Одолянов, Великопольское воеводство, Польша
Город Горис, Область Сюник, Армения
Город Лайхинген, земля Баден-Вюртембер, Германия
Главная » Статьи » Интересно почитать |
Алесь Камароўскi
Апавяданне
Здаравенны драўляны апалонiк балюча таўхануў Андрэйку ў плячо. Хлопчык з
перапуду паўсонна плюснуў вейкамi, мiгам ускочыў з перавернутага
кубельца, быццам злоўлены на нечым недазволеным. — Нясi! — дзве тлустыя складкi падбароддзя галоўнага кухара перасмыкнулiся, маленькiя маслянiстыя вочкi злосна зыркнулi з-пад купчастых чорных надброўяў, утаропiлiся на серабрысты паднос, на якiм ляжалi тушаныя перапёлкi ў слiвовай падлiве. Андрэйка падхапiў паднос i асцярожна ступiў у пераход. Пад скуранымi падэшвамi боцiкаў рыпелi шырокiя сасновыя маснiчыны, паўцьмяныя лучнiкi на паўспаленых агарках калыхалi жаўтлявыя языкi агню з чорнымi цяжамi дыму. У проймах пераходаў затоена стылi нябачныя воi ў сетчатых кальчугах з мячамi i бердышамi. Андрэйка хоць i не бачыў iх, але ведаў, што яны тут, за гэтымi смалiстымi сценамi, гатовыя ў кожны мiг пераступiць дарогу, не пусцiць у святую святых князёў Радзiвiлаў. У канцы перахода шырокiя дубовыя дзверы з каванымi завесамi адчынiлiся i нейчая рука з-за вушака ткнула ў паветра доўгiм указальным пальцам: — Туды! Андрэйка яшчэ мацней прыцiснуў да сябе паднос i сцярожна дробнымi шажкамi прамком пастрачыў па распiсной кафлянай плiтцы да адкрытых дзвярэй суседняй залы, адкуль чулiся раскацiстыя галасы. Стольнiк, худы, як зроду някормлены, высоразны, цi не пад тры аршыны, страсянуў купчастай кучомкай кучаравых валасоў i, прыставiўшы пруткую далонь да худых Андрэйкавых лапатак, даў накiрунак знiякавеламу целу хлапчука: — З краю! Андрэйка папраставаў да краю стала, акуратна паставiў паднос на льняны з залацiстымi вышыванымi кветкамi абрус i вобмельгам акiнуў вачыма захмялелае застолле... Шырокiя дубовыя сталы стаялi ўздоўж трох сцен. Сярэдзiна залы i адзiн бок яе, там, дзе вынырнуў Андрэйка, былi вольныя. За самым доўгiм сталом пасярэдзiне сядзеў Радзiвiл з жонкай. Аберуч мясцiлiся родныя i блiзкiя, далей — запрошаныя шаноўныя госцi. Усе сядзелi па адзiн бок стала, ад сцяны. З другога боку снавала прыслуга, падносячы пiтво i прыкуску. Мiж злацiстых амфар з заморскiмi вiнамi, мiж ёмкiх карчаг з пiвам, мiж выпукастых шкляных i глiняных глячкоў з медавухай, блакiтным лiкёрам, настоеным на крываўнiку, напоямi з ажынай, чарнiкай i рознымi травамi, мiж палiваных гарлачыкаў з кляновiкам i бярозавым квасам, мiж вычварных штофаў i квартаў з рознымi гарэлкамi — мiндалеўкай, кардамiнаўкай, малiнаўкай, мелiсаўкай, кмiнаўкай, аераўкай, мятнай... — стаялi залачоныя падносы з тушанымi мядзведжымi лапамi ў вiнным соусе. На мелкiх драўляных ладзейках чырванелi сыравяленыя наразанцы вяндлiны i паляндвiцы, вабна вылежвалiся спачатку вымачаныя ў настоях траў, а потым вэнджаныя палоскi мяса тура i стружастыя закручонцы з кумпякоў ланi i касулi. Тушаныя качкi, рабчыкi i бакасы ў часночнай падлiве, аздобленыя галiнкамi i лапкамi кропу, здаецца, так i цягнулi свае запечаныя каленцы да прагных рук гасцей. Закальцаваныя свiныя i ласiныя каўбасы журылiся на берасцяных плецянiцах. Нацёртыя хрэнам, на прадаўгаватых глiняных латушках гарбацiлiся запечаныя парсючкi з зацiснутымi морквамi мiж лычоў. З размаляваных мiсак паказвалi белыя ножкi i карычнева-чорныя галоўкi марынаваныя баравiкi, ружовымi пласцiнкамi манiлi салёныя рыжыкi. У сярэбраных паўлодачках застылi ў залiўцы фаршыраваныя шчупакi i асятры. На дубовых лёстачках змяiлiся вэнджаныя, вараныя i марынаваныя вугры, чакаючы вострага ляза. У распiсных пазалочаных салатнiцах зярнiста крупенiлася ласосевая i шчупачыная iкра. У глiняных паўмiсках у падлiве з мацярдушкi i мяты ляжала ўтушаная печань мянька... На фарфоравых лодачках, здаецца, плылi да ўчэпiстых вiдэльцаў ласiныя губы i бабрыныя хвасты, вымачаныя ў вiнным воцаце. У пазалочаных талерках-спарышах, фаршыраваныя разынкамi i арэхамi, застылi жаваранкi i заранкi. Iх язычкi, звонкiя i малюпаценькiя, што ўслаўлялi ўсход сонца i велiч неба, аздаблялi тушаныя язкi заморскiх паўлiнаў. У выразаных дубовых латках ад дотыку вострага нажа, здаецца, напружвалiся карычняватыя тушкi гусей. Iх, адкормленых i лянiвых (Андрэйка аж здрыгануўся, успамiнаючы гэта), тапiлi ў вадзе, каб не пускалася кроў, ахлыналi кiпятком, чыста абшчыпвалi, вымалi вантробы. А ўсярэдзiну яшчэ цёплага цела з рэшата выкульвалi ёмкую мiску чорных п’явак, прамытых халоднай вадой. Трапiўшы на яшчэ цёплае гусiнае мяса, змеяватыя вертуны прысмоктвалiся к бакавiнам, паўзлi адна па адной, шукаючы вольны лапiк. Лоўкiя рукi служанак сыпалi часнок, каляндру i кмен, зашывалi гусiны жывот, клалi на шырокую бляху да такiх жа родзiчак i неслi ў кухню, дзе iх чакалi соль, прыправы i печ. Праз гадзiны дзве з чалеснiкаў выязджала гусiная крывянка. Калi яшчэ Андрэйкава разуменне мiрылася з тым, што трапляла на застолле з лесу, вады, хаця i гэта было Божым стварэннем, то сэрца хлапчука шчымела ад болю, калi дзеля гасцей адлоўлiвалiся белыя i чорныя лебедзi, прыгожыя, як маленькiя каравелы, з доўгiмi выгiнастымi шыямi, даверлiвыя да чалавечых рук. Галоўны кухар, ведаючы гэта, пасылаў заплаканага Андрэйку чысцiць сцерлядзь i асётраў, прывезеных з Прыпяцi цi Дняпра. А лебедзi, фаршыраваныя мясам зайца i гусiнай пячонкай, абмазвалiся салодкiм цестам, у якое хiтра ўпляталiся вяровачкi, абтыкалiся, як было, пер’ем i запякалiся на малым жары. На стол яны прыплывалi па двое на вялiкiх падносах-латаках, як жывыя, здаецца, вось-вось гатовыя сарвацца ў расчыненае акно i зляцець на прызамкавае возера. Але гэта было толькi Андрэйкава жаданне. Канцы вяровачак тузалiся ўмелай рукой, складвалi пер’е, як японскi веер, агалiўшы апетытныя бакавiны i спiну... Чырвоныя ракi, адвараныя ў катлах з прыправамi, працягвалi гасцям сваiмi клюшнямi галiнкi сакавiтай зеленi. Мiж вялiкага посуду тулiлiся шкляныя мiсачкi з белым i бурачковым хрэнам, узбiтай на мёдзе смятанай, i амаль гублялiся пад разваротамi краёў шырокiх страў масленiцы, цукарнiцы, перачнiцы... Але захмялелая шляхта i вяльможныя госцi з асаблiвым нецярпеннем чакалi падсмажанага на калаўроце лася, зiркаючы ласа на прыстаўлены стол, куды ляжа гэты ласунак. Андрэйка ведаў, як цяжка давалася кухнi прыгатаванне гэтага магутнага печыва. За дзень галоўны кухар са спелых алiўкавых паясоў сам даставаў костачкi i замяняў iх анчоусамi, якiмi напаўняў тушку жаваранка. Нябесны спявак клаўся ў перапёлку, а перапёлка запiхалася ў качку, качка нырала ў жывот каплуна — адгадаванага на мяса, выпакладанага пеўня, а каплун заязджаў у жывот фазана... Усё гэта па ходу свайго шляху пасыпалася прыправамi, мазалася мёдам, палiвалася вiнным воцатам, абкладалася пахучым зяленiвам. Фазана ўжо чакаў падсвiнак, якi ныраў у жывот ланi. Тут ужо ў справу iшла соль i мноства iншых прыпраў i траў. Чарнаслiў без костачак i долькi салодкiх яблык запаўнялi нутро лычастага паўгадаванца. Жываты i грудзiны зашывалiся валовымi жыламi. I нарэшце лань клалася ў чэрава дваццацiпудовага лася... Самым смачным у гэтай шматпавярховай смажанiне, як сцвярджаў галоўны кухар, былi жаваранак i перапёлка, угрэтыя ўсiмi сокамi i набрынялыя парам многiх прыпраў. Андрэйка ведаў, як выжыльвалiся лоўчыя, гойсаючы па пушчы, каб позняй восенню ўстурыць нагулянага тлустага мядзведзя, загнаць у аблогу лася цi касулю. Чуў зiмой ад iх, калi забягалi на кухню пагрэцца полiўкай цi адварам, як нялёгка праходзiлi паляваннi, са смяротным зыходам i калецтвам. Ды i бачыў, як прывозiлi з лесу звярыныя тушы, ашкурвалi iх, свежавалi i валаклi сцёгны ў лядоўню. Не менш клопатаў было i ў птушкаловаў. Яны, як лясныя прывiды, цiха блукалi ў гушчарах i падлесках, сноўдалi па берагах рэк i азёрных затоках, правяраючы сеткi, сiлкi i петлi, таксама рызыкуючы напароцца на драпежныя iклы i кiпцюры, поўзалi па жарстве, высочваючы перапёлак, курапатак i жаваранкаў, або са зграяй гончых выжлаў гойсалi вярхом па балацiне i рэдкалессi. Рыбакi выпiналiся, цягнучы набрынялыя вяроўкi невадоў, мiнаючы перакаты i водмелi, шукаючы глыбокiя ямы, дзе трымалася буйная рыба, лазiлi па старыцах i азярынах, моклi пад дажджом, смылелi пад пякучым сонцам, карчанелi ад траскучага марозу... Велiзарныя мяхi язёў, ляшчоў i шчупакоў, стронгi i акунёў, валюхастых самоў поўнiлi сталы разборачнай, дзе жаночыя рукi скрэблi луску, вымалi вантробы, вырывалi жабры, мылi i апускалi што ў лядоўню, што салiлi i пасля адпраўлялi ў вяндлярню. Тую рыбу, што не вадзiлася паблiзу, прывозiлi з мора, iншую жывой трымалi ў капанiцах да наступнага балю. Андрэйка чуў, бачыў i ведаў... Яго маладыя дапытлiвыя вочы i чуйныя вушы... Нечыя чэпкiя пальцы балюча круцянулi за мочку вуха, вярнулi да застолля: — Нясi! — стольнiк кiўнуў на паднос з пустым посудам. Андрэйка падхапiў яго i панёс у пераход... | |
Категория: Интересно почитать | Добавил: nesvizh1223 (06.11.2011) | |
Просмотров: 1045
| Теги: |
Всего комментариев: 0 | |