Рэстаўрацыя і археалягічныя
дасьледваньні на замку ў Нясьвіжы дазволілі сабраць неблагую калецыю
гакаўніц - зброі, якая была асновай абароны замку. Гакаўніцы вядомыя ўжо
з XV стагодзьдзя, назва паходзіць ад гака ці крука на пярэдняй частцы
руры (ствала), якім стрэльба чаплялася за парапет сьцяны ці спэцыяльны
станок, каб кампэнсаваць аддачу пры стрэле. У 1636 годзе ў арсэнале
замка было больш за сотня гакаўніц, у той час як навамодных мушкетаў
было ў два разы меней. Гэтыя гакаўніц былі выраблены, відаць, яшчэ пры
Сіротку, калі дзейнічала нясьвіская людвісарня. Нясьвіскімі гакаўніцамі
былі забясьпечаны і іншыя ўмацаваньні Радзівілаў. Напрыклад у 1636 годзе
ў Мірскім замку было
больш за 50 гакаўніц. Цягам 2008-2011 года ў замкавым рове было
знойдзена дзьве цэлыя гакаўнічныя руры і два фрагмэнты. Усе гакаўніцы
былі выкананы тэхнікай ліцьця і маюць калібра ка 20 мм. Фрагмэнт
пярэдняй часткі руры з гакам. Непадалёк ад гака маецца невялікая пятля
для мацавання руры да драўлянага ложа. Вылётная частка мае т.зв. каўнер
ці патаўшчэньне, каб пазьбегнуць разрыву руры пры стрэле.
Падобная да першага фрагмэнту цыліндрычная гакаўнічная рура.
Гак гэтага экзэмпляра ў адрозьнені ад
іншых не мае завастрэньня на канцы. Аднак у дзірке ў гаку, якая
сустракаецца ў большасьці экзэмпляраў захаваўся шып. А. Мяцельскі
мяркуе, што гэтая дзірка служыла для дадатковага мацаваньня руры да
ложа, на нашу ж думку, - для мацаваньня гакаўніцы на спэцыяльным
станку.
Дзьве наступныя гакаўніцы маюць форму
васьміграньніка. Магчыма такія васьмігранныя гакаўніцы былі найбольш
распаўсюджаным тыпам, паколькі яшчэ дзьве васьмігранныя гакаўніцы, якія
паходзяць найверагодней зь Нясьвіжа, маюцца ў гістарычным музэі ў
Менску.
Першым (у 2006 годзе) у рукі дасьледчыкаў патрапіў кавалак тыльнай часткі гакаўнічнай руры.
У пачатку 2011 года была знойдзена
цэлая гакаўнічная рура, якая, аднак, не ачышчаная і, магчыма, хавае яшчэ
больш цікавыя дэкаратыўныя рэчы. На тыльнай частцы руры захаваліся
сьляды ад дрэва ці ложа гакаўніцы, выгляд якога застаецца загадкай.
Таксама добра бачна панёўка з боку руру, жалезная пласьціна і дзьве
маленькія пятлі зьнізу руры для мацаваньня ложа.
Калі зацікавіўся пытаньнем нясьвіскіх
гакаўніц, адразу ў галаву прыйшла слушная думка: чаму б не паглядзець ці
ёсьць нешта падобнае ў нашым гістарычным музэі. У пастаяннай экспазіцыі
знайшоў і сфатаграфаваў дзьве гранёныя гакаўніцы. Пазьней даведаўся,
што адна зь іх патрапіла ў музэй непасрэдна зь Нясьвіжа, а другая з
Баранавіцкага краязнаўчага музэя (а туды, верагодна, таксама зь
Нясьвіжа). У фондах маецца яшчэ тры гакаўнічныя руры, не зьвязаных,
аднак, з Нясьвіжам, і ,дарэчы, адрозных па канструкцыі. За інфармацыю аб
апошніх шчыра дзякуй супрацоўніку музэя С. Лютых.
Цяпер да гэтых двух гакаўніц. Першая:
Канечне, спосаб яе экспанаваньня "да
гары нагамі" робіць яе выгляд досыць камічным. На казённай (задняй)
частцы руры бачны вэртыкальная планка да мацаваньня да ложа, дзьве
паралельныя прыцэльныя планкі і панёўка для пораха. Пры чым ля панёўкі
захавалаўся штыфт, якім, верагодна, мацавалася накрыўка для панёўкі.
З-за
таго, што рура перавернутая немагчыма разгледзець арнамэнт, які
звычайна месьціўся на версе. Аднак штосьці ўсё-ткі заўважна. Зьвярніце
ўвагу на самы край руры. Другая гакаўніца: Прыцэльная мушка на каўнеры: Гак з адтулінай і арнамэнт зьверху: Прыцэльныя планкі, панёўка для пораха і арнамэнт:
Арнамэнтальныя матывы на на чатырох
гранёных гакаўніцах, як можна было бачыць з фотаздымкаў, аднатыпныя,
аднак у асобных тонкасьцях адрозьніваюцца. Справа ў тым, што гакаўніцы
адліваліся не ў асобных формах, а таму пры вырабе наступнай формы
людвісар паўтараў пэўны матыў і "пад настрой" мог дадаваць некаторыя
"іннавацыі". Ці больш верагодней, што арнамэнт выбіваўся пасьля адліву
руры. На жаль не спэцыяліст у пытаньні апрацоўкі мэталаў, каб
сьцьвярджаць адназначна.
Адкрытымі (і надзвычай цікавымі для
мяне) застаюцца пытаньні: 1) аб форме ложа; 2) ці мелі гэтыя гакаўніцы
замкі, альбо наўпрост запальваліся фіцілём з рукі; 3) і ці мелі
спэцыяльныя станкі для мацаваньня пад час стральбы.
Radziwill.by дзякуе Волкаву Міколе за артыкул і фатаграфіі. |