Вы вошли как Турист
Группа "Гости"Приветствую Вас Турист!
Пятница, 22.11.2024, 03:21
Главная | Мой профиль | Регистрация | Выход | Вход | RSS

Праздники сегодня

Праздники сегодня

Наш опрос

Оцените мой сайт
Всего ответов: 241

Форма входа

Поиск

ФОТО

Национальный банк

Статистика


Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Библиотека

Главная » Статьи » История Несвижа

Нясвіж: 1223 vs 1446, альбо Таямніца першай згадкі горада

Сёлета Радзівілы спраўляюць вялікі юбілей: лічыцца, што 500 гадоў таму, у далёкім 1513 г., Нясвіж стаў уладаннем магнацкага роду. Паселішча трапіла да Радзівілаў у якасці пасагу Ганны Кішкі, а яе сын Мікалай Радзівіл Чорны зрабіў Нясвіж княжацкім цэнтрам. З пачатку XVI ст. і па сённяшні дзень Радзівілы ў той альбо іншай ступені ўплывалі не толькі на развіццё горада, але і на напісанне яго гісторыі. Не дзіўна, што доўгі час гісторыя Нясвіжа разглядалася ў неадрыўнай сувязі з Радзівіламі; пытанне пра дарадзівілаў-скую гісторыю Нясвіжа было пастаўлена толькі ў ХІХ ст., аднак і на сённяшні момант нельга казаць пра яго раскрыццё.

Першыя звесткі пра пачатковую гісторыю Нясвіжа з'яўляюцца ў другой чвэрці XIX ст. у шматтомным выданні "Старажытная Польшча" польскіх даследчыкаў Міхала Балінскага і Тыматэуша Ліпінскага. Гісторыю горада аўтары звязалі з родам Нясвіжскіх і пазначылі, што ў ХІІІ ст., у часы тэрытарыяльнай раздробленасці, Нясвіж быў цэнтрам удзельнага княства. У якасці першай летапіснай згадкі пра паселішча даследчыкі пазначылі 1224 г. (у ХІХ ст. сярод гісторыкаў пераважала меркаванне, што бітва на Калцы адбылася менавіта ў гэтым годзе), у якім князь Юрый Нясвіжскі быў забіты ў бітве з татарамі. У ХІІІ ст., на думку даследчыкаў, Нясвіж быў памежным з Літвой славянскім паселішчам, а яго князі залежалі ад мацнейшых уладароў у Кіеве, Галічы, Уладзіміры-Валынскім, альбо Менску.

Польскія гісторыкі на старадаўніх аркушах дакументаў знайшлі і іншых прадстаўнікоў княжацкага роду Нясвіжскіх. Другі раз згадка пра іх фігурыруе пад 1388 г. Менавіта на гэты год прыходзіцца пацвярджэнне вернасці вялікаму князю Ягайлу Грыгорыем і Іванам Нясвіжскімі. Таксама паведамляецца, што на той час абодва князі залежалі ад Дзмітрыя Карыбута, сына Альгерда, які панаваў у Ноўгарадзе Северскім (пазней даследчыкі прыйдуць да высновы, што ў дакуменце меўся на ўвазе беларускі Наваградак).

Чацвёрты прадстаўнік роду Нясвіжскіх узгадваецца каля 1430 г. - гэта Федзька, які паходзіў, як лічыў М. Балінскі, ад вялікіх князёў літоўскіх і меў значныя ўладанні. Менавіта яго асоба выклікае цікаўнасць даследчыкаў і наблізіць нас да вырашэння таямніцы першай згадкі Нясвіжа.

Звесткамі выдання "Старажытная Польшча" скарыстаўся Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) у кнізе "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах".  Праз пасрэдніцтва апошняга інфармацыя з выдання Балінскага-Ліпінскага на доўгі час, да канца 1980-х, трывала і безапеляцыйна ўсталявалася ў беларускай гістарыяграфіі. Нягледзячы на працу ў канцылярыі кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі (1840-1844 гг.) і доступ да магнацкага архіву паэт, публіцыст і этнограф Уладзіслаў Сыракомля не здолеў пашырыць пачатковую гісторыю Нясвіжа, дадаўшы пэўныя звесткі толькі пра нясвіжскага князя Федзьку, якога назваў сынам Карыбута Альгердавіча. Са спасылкай на Папроцкага, Сыракомля паведаміў, што нашчадкі Фёдара, таксама нясвіжскія князі, сталі пачынальнікамі княжацкіх родаў Збаражскіх, Вішнявецкіх, Порыцкіх, Варанецкіх, аднак сам Нясвіж у гэты час перайшоў ва ўласнасць кароны.

Паралельна з вывучэннем гісторыі горада Нясвіжа ішло даследаванне рода Нясвіжскіх. Аўтарытэтныя польскія гісторыкі Казімір Стадніцкі (Stadnicki K. Bracia Wladyslawa-Jagielly Olgierdowicza… - Lwow, 1867) і Юзаф Вольф (Wolff J. Rod Gedymina. - Krakow, 1886) аспрэчылі Міхала Балінскага ў пытаннях прыналежнасці Нясвіжскіх (Несвіцкіх) да Нясвіжа і Гедымінавічаў. Усіх вядомых прадстаўнікоў рода, пачынаючы з Юрыя, польскія гісторыкі лакалізавалі валынскім паселішчам Несвіч на Палонцы (якое і К. Стадніцкі, і Ю. Вольф пазначылі ў кнігах як Nieswid), а Федзьку апошні ўвогуле назваў загадкавай асобай і пазначыў, што ён, верагодна, належыў да роду Рурыкавічаў.

Ю. Вольф звярнуў пільную ўвагу на іншых носьбітаў прозвішча Нясвіжскіх. У прыватнасці, падкрэсліў, што Іван Нясвіжскі двойчы прысягаў польскаму каралю і вялікаму князю літоўскаму Ягайлу: першы раз - у 1387 г. у Луцку, а другі - у наступным годзе ў ліку баяраў Ноўгарада Северскага, залежных ад Карыбута, разам з Грыгорыем Нясвіжскім. У 1403 г. князь Іван падпісаўся пад актам Вітаўта. Яшчэ пазней гэты альбо іншы "Iwan ksiaze Nieswiezski" ўзгадваецца са сваёй жонкай князёўнай на Перадзельніцы (?) у 1445 (?) у якасці фундатара царквы. Федзьку Ю. Вольф называе магчымым сынам Івана і даводзіць, што ён быў ярым прыхільнікам Свідрыгайлы з часоў яго кіравання Вялікім Княствам Літоўскім, у 1431-1432 гг. князь двойчы падпісваў дамовы з крыжакамі (як "Fedko Nieswiezski" і "Fedko Nyesweczkoi"). У 1432-1433 гг. Федзька займаў урад старасты падольскага. У 1434 г. у запісе на вернасць Свідрыгайлу ён фігурыраваў як "kniaz Fedko Nieswidski starosta Krzemieniecki i Braclawski". Тут жа знаходзіцца згадка пра родавыя ўладанні Федзькі, якія ўключаюць збаражскія, вінніцкія і хмяльніцкія ўладанні, Сако-ліцу. Гэтыя ўладанні Федзька разлічваў атрымаць у спадчыннае валоданне, аднак, відаць, што збаражскія землі ён трымаў толькі пасмяротна, але ў 1442 г., верагодна, пасля смерці Федзькі, вялікі князь Казімір перадаў іх іншаму ўласніку.

Гістарычная навука ХІХ ст. зрабіла добры плацдарм для вывучэння гісторыі Нясвіжа і рода Нясвіжскіх, аднак да адкрыцця таямніцы існавання старажытнага горада ў ХІІІ - XV стст. было яшчэ далёка.

Алесь Лапо, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж"



Источник: http://www.nesvizh-news.by/arhiv/2013/06/45-10645%29/nyasv%D1%96zh-1223-vs-1446-aljbo-tayamn%D1%96ca-pershaj-zgadk%D1%96
Категория: История Несвижа | Добавил: nesvizh1223 (25.06.2013)
Просмотров: 1000 | Рейтинг: 5.0/1 |
Всего комментариев: 0