Вы вошли как Турист
Группа "Гости"Приветствую Вас Турист!
Пятница, 19.04.2024, 10:46
Главная | Мой профиль | Регистрация | Выход | Вход | RSS

Праздники сегодня

Праздники сегодня

Наш опрос

Оцените мой сайт
Всего ответов: 241

Форма входа

Поиск

ФОТО

Национальный банк

Статистика


Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Библиотека

Главная » Статьи » Несвиж в прессе

Нясвіж: радзівілаўскі гуляш з морквай па-карэйску
Сяргей Мікулевіч, Нясвіж — Мінск | 00:14, 30 жнiўня 2012
Нясвіж: радзівілаўскі гуляш з морквай па-карэйску
Дарога з Мінска ў Нясвіж, па самых урадлівых землях Беларусі, надзвычай прыгожая ў жніво.

Да небакраю сцелюцца палі з залатымі качулкамі.

А ў Нясвіжы ля замка — як на кірмашы. Прыпаркавацца няма дзе, апроч забароненых знакамі зонаў.

І яны застаўленыя машынамі з мінскімі, магілёўскімі, гродзенскімі, расійскімі, латвійскімі нумарамі.

Няспешны рух у пошуках вольнага месца раптам спыняецца: наперарэз аўто ляціць двухконная брычка, якой кіруе цыганаваты мужык-беларус у вышыванцы і брылі.

У Фарны касцёл канвеерам ідуць вясельныя працэсіі. Пасля вянчання маладыя накіроўваюцца ў замак — абавязковы фон для вясельнага фота.

Крамкі з сувенірнай прадукцыяй пры браме радзівілаўскага парку перажываюць аблогу. Рэчы спрэс карысныя: ліхтарыкі з радзівілаўскай манаграмай, ігральныя карты з выявамі замка.

Экскурсавода беларускамоўнага не дашукацца. Ён адзін на ўвесь палацава-паркавы комплекс і знаходзіцца ў адпачынку.

«Навошта? У такую гарачыню хадзіць па замку з экскурсаводам — гэта пекла», — кажа адміністратарка.

Уваход у замак каштуе па-радзівілаўску: 50 тысяч за поўны білет.

У канцы 90-х на фасадзе замка яшчэ стаяў надпіс «Межколхозздравница»:

сцены ўсярэдзіне былі памаляваныя жоўтай алейнай фарбай, ляжала бальнічная плітка, а медсястра выганяла экскурсіі на вуліцу крыкамі: «Вы са сталовай усё пакрадзеце!»

Пасля радзівілаўскі палац зрабіўся больш даступным. Нават у канцы 2000-х, у разгар рэканструкцыі, можна было трапіць усярэдзіну.

Па шчыкалатку ў гразі дабрацца да задніх дзвярэй, ісці па чорнай лесвіцы, на кожным паверсе якой яшчэ з часоў вайны, калі ў замку быў шпіталь, захаваліся печкі-буржуйкі, уздымацца на вежу.

Сёння спадзеў аблазіць увесь замак можна пакінуць ля брамы. Не пускаюць на вежы, на валы, у падзямеллі.

Экскурсанты цугам ідуць з пакоя ў пакой: архіў, бібліятэка, грымёрка прыгонных артыстаў з габеленам-«Пагоняй» на сцяне... Каб працягнуць экскурсію, трэба выходзіць у двор і сунуцца ў іншае крыло. Па лабірынтах не паблукаеш: рух рэгулюецца таблічкамі «Праход забаронены».

У залах духата і скучанасць. У кожнай працуе экскурсавод з групай. Па-за ўвагай застаюцца недакладнасці ў подпісах да экспанатаў, мэбля ХІХ стагоддзя ў інтэр’ерах XVIII-га і «дакладная копія» глобуса Мікалая Радзівіла Сіроткі — з пазначаным на ім Берынгавым пралівам і падрабязнай берагавой лініяй Паўднёвай Амерыкі, у пачатку XVII ст. невядомымі.

Нясвіж можа быць прыкладам страшнага разрабавання, якое зазнала Беларусь у ХХ стагоддзі. Ніводзін пакой не захаваўся цалкам.

Экскурсаводы як прадмет асаблівага гонару паказваюць сапраўдныя арэхавыя панэлі ў Малой сталовай, кавалкі арыгінальнай падлогі ў цэнтры пакоя нумізматычнай калекцыі або кажуць пра 5% старой столі, якая захавалася ў іншых.

Вялікая камінная зала — адна з тых, што захавалася найлепш. Шыкоўны камін, аздоблены львінымі пашчамі, бэлькі, пацягнутыя чорным лакам, партрэты Радзівілаў на сценах... І вялікая колькасць рознакалібернай мэблі.

Яе ў палацы многа, яна розных часоў, але мала што радзівілаўскае.

Пытанне, што сапраўднае, што «тых часоў», а што нават і не тых, узнікае пастаянна.

Безумоўна сапраўдныя кавалкі слаістай муроўкі, якія можна бачыць, калі праігнараваць забараняльную таблічку і ўзняцца на вал.

Сапраўдныя — «мармуровыя» калоны ў бальнай зале. Мала хто ведае, што мармур нашы продкі рабілі з дрэва і саломы: у кожнай з калонаў, распісаных «пад мармур», хаваецца таўшчэзнае смалістае бервяно, абкручанае саламяным канатам і патынкаванае зверху.

«Салома васямнаццатага стагоддзя!» — тыцкаў пальцам у выбоіну вартаўнік, што вадзіў нас калісь па замку за бутэльку.

Экскурсаводы на гэтыя цуды імпартазамяшчэння увагі не звяртаюць. А шкада.
Са зброяй тая ж гісторыя, што з мэбляй: спрэс муляжы. Толькі грубыя гакаўніцы XVII стагоддзя ды шырокая, нібы абардажная, шаблюка, як сведчыць гравіроўка, належала камусьці са шляхціцаў-кліентаў Пане Каханку.

І не раз, відаць, уздымалася ўгару пад роў тысячы горлаў: «Віват, Караль Станіслаў!»

З рэканструкцыяй у замак вярнулі і культавыя рэчы. Напрыклад, вялікі партрэт гетмана Канстанціна Астрожскага, узяты калісьці з радзівілаўскай калекцыі ў фонды Нацыянальнага мастацкага музея.

Радзівілаўскім аказалася і люстэрка ў пазалочанай раме, што доўгі час упрыгожвала Купалаўскі тэатр.

Яшчэ адзін нясвіжскі цуд схаваны пры самым фінальным пункце экскурсіі.

Калі з арсенала не выходзіць у двор, як запрашае ўказальнік, а збочыць за сходы, трапляеш у княскую капліцу.

Тут такое святло, урачыстасць і спакой, што нават тыя турысты, якія ўсю дарогу пілі квас, перастаюць гэта рабіць.

За саветамі капліцу падзялілі на тры паверхі, тут былі кабінеты дактароў, палаты, працэдурныя. Цяпер перакрыццяў няма, адноўлены мармуровы алтар, адкрытыя роспісы сценаў. А са столі, з дзесяціметровай вышыні, глядзіць Божая Маці, напісаная ў блакітна-аранжавых танах. Дакладных выяваў роспісу столі не захавалася, кажуць супрацоўнікі, вядома было толькі, што Божая Маці была. Вырашылі зрабіць такую.

Іншымі словамі, душа прыхільніка гістарычнай дакладнасці ў палацы не адпачне.

А чыя адпачне? І што прыгнала ў Нясвіж гэтых людзей, якія плацяць па 50 тысяч за тое, каб прайсціся па сучасным паркеце ды зірнуць на замкавы двор праз шклопакеты? Многія з іх не чулі пра Караля Станіслава, Юрыя Перуна, Францішку Уршулю і нават пра Барбару. Для іх «Радзівіл» — зборны назоўнік, увасабленне чагосьці магутнага, чаго на гэтай зямлі даўно няма. Ім важна пабыць тут, адчуць датычнасць да велічы, якой дыхала калісьці гэтая зямля.

Рэстаўрацыя рабілася не ў разліку на Радзівілаў, якія сюды ніколі не вернуцца. Яна разлічаная на тых, хто хоць на кароткі момант хоча адчуць сябе суродзічам Радзівілаў.

І таму натуральна выглядае ў нясвіжскіх пакоях рэстаран «Страўня», дзе падаюць яечню з салам і гуляш па-радзівілаўску з карэйскай морквай.

Лагічнай падаецца і ідэя зрабіць на трэцім паверсе палаца гатэльныя віп-нумары. Яны адчыняцца неўзабаве, пакуль працуе толькі «Палац-Гатэль» у флігелі — 175-245 тысяч за ноч без сняданку. У суботу месцаў у ім няма.

З замкавых валоў відаць пляж на княжацкіх сажалках. Крык і віскат стаіць не меншы, чым падчас інсцэніроўкі Каралем Станіславам Гібралтарскай бітвы.

Па вадзе, уздымаючы хвалі, ляціць катар. Над парасонамі з надпісам «Нясвіж старажытны і малады» праносяцца лятальныя апараты. Трактар «Беларусь», замаскіраваны пад паравозік, цягне вагоны з турыстамі па паркавых дарожках.

Вечар. Вахцёр выпускае апошніх турыстаў з брамы. Яны раз’язджаюцца пад позіркамі нясвіжцаў, што вядуць козаў з пашы ды ловяць карасёў у замкавых равах. Што адкладзецца ў памяці наведнікаў? Бракуе ў музеі інфармацыі, бракуе гісторый канкрэтных экспанатаў, бракуе саміх экспанатаў. Запомніцца гмах замка. Не так і мала.

Застаецца нагадаць, што Радзівілы — слаўны род з Вялікага Княства. Упершыню на гістарычную арэну выйшлі ў XV ст. Родапачынальнікам лічыцца Радзівіл Осцікавіч (?—1477). Яго ўнук Юры, гетман Вялікага Княства, атрымаў мянушку «Геркулес Літоўскі», бо перамог у трыццаці бітвах. Праўнукі, два Мікалаі, Чорны і Руды, былі найбуйнейшымі палітыкамі і мецэнатамі свайго часу, іх сястра Барбара нават стала каралевай, узяўшы шлюб з Жыгімонтам Аўгустам. Радзівілы былі і ўмелымі гаспадарамі: збіралі землі вёску да вёскі, горад да горада. Яны валодалі Нясвіжам, Слуцкам, Геранёнамі, Давыд-Гарадком, Клецкам, Мірам, Мядзелам, а таксама Алыкай ва Украіне і Біржамі ў Літве. Сын Мікалая Чорнага, Мікалай Радзівіл Сіротка здзейсніў падарожжа ў Святую зямлю і пакінуў найцікавейшы дзённік пра яго. Вялікі гетман Януш Радзівіл выношваў амбітныя планы разарваць унію з Польшчай і звязаць лёс нашай краіны са Швецыяй... Апошні ардынат Нясвіжы Альбрэхт Антон Вільгельм Радзівіл у 1935 эміграваў на Захад. Яго дачка Альжбета Радзівіл наведвала Нясвіж пасля рэстаўрацыі.

Нясвіж вядомы з 1223. Ад XVI ст. належаў Радзівілам. Лічыўся ардынацыяй.

Ардынацыя — уладанне, якое не дзялілася між нашчадкамі, а пераходзіла да старэйшага сына. Ардынацыю нельга было ні прадаць, ні аддаць у заставу. Дзякуючы такому правілу Радзівілы ўтрымалі Нясвіж праз доўгія стагоддзі.

Мураваны Нясвіжскі замак быў закладзены ў 1583 Мікалаем Радзівілам Сіроткам на месцы драўлянага родавага гнязда. Пасля 1726 замак аднаўлялі і перабудавалі. Пейзажныя паркі вакол замка закладзеныя ў 1879.

Што новага можна пабачыць у Нясвіжы? Адкрыліся для наведвання Бальная, Вялікая камінная, Малая сталовая, Гетманская і Зорная залы, а таксама апартаменты князя, арсенал, капліца, памяшканне архіва. У грымёрнай прыгонных артыстаў працуе выстава графікі ХІХ ст. з малюнкамі Гротгера, прысвечанымі паўстанню Каліноўскага.

Цана культуры:поўны квіток у Нясвіжскі палац каштуе 50 тысяч рублёў. Квіток для студэнтаў і школьнікаў — 25 тысяч. Дашкольнікам — бясплатна. Замовіць экскурсію — 39 тысяч

Абед у Замку

У рэстаране ў самім замку падаюць як традыцыйныя стравы, так і сучасную еўрапейскую кухню. Атмасфера ў страўні рамантычная, кухня — без вышуканасці, хатняга тыпу.

Цэны:

фірмовы гуляш па-радзівілаўску, у арэхавай падліве, з гарнірам — 53 400

стэйк — 42 500

яечня са смажанай кілбасой — 20 900

салата «Цэзар» — 27 000

марожанае — 22 000

бульба — 9 000

булён — 9 900

кока-кола — 9 000

кава — 10 500

чай — 9 500

Як даехаць? Ад Мінска гэта 127 кіламетраў. Машынай па трасе М1, пасля збочыць на Гарадзею. Тады шлях праляжа па старым радзівілаўскім тракце, абсаджаным старымі хвоямі. У Нясвіж з Мінска ходзяць аўтобусы, маршруткі. Можна таксама ехаць электрычкай да Гарадзеі, а адтуль — маршруткай.

Побач з Нясвіжам у дадатак да яго можна пабачыць:

— Радзівілаўскі тракт Нясвіж — Мір,

— Мірскі замак — шыкоўны рэнесансавы палац, беларуская непаўторнасць (ад Нясвіжа — 30 км),

— самы стары касцёл Беларусі ў Ішкалдзі (ад Нясвіжа — 30 км),

— Наваградак, старадаўняя беларуская сталіца з замкам, саборамі і музеем Адама Міцкевіча (ад Нясвіжа — каля 80 км),

— радзіму Якуба Коласа: нёманскія краявіды (ад Нясвіжа — 33 км).

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=77923#!nn



Источник: http://nn.by/?c=ar&i=77923#!nn
Категория: Несвиж в прессе | Добавил: nesvizh1223 (05.09.2012)
Просмотров: 1121 | Рейтинг: 5.0/1 |
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: