Вы вошли как Турист
Группа "Гости"Приветствую Вас Турист!
Пятница, 19.04.2024, 20:19
Главная | Мой профиль | Регистрация | Выход | Вход | RSS

Праздники сегодня

Праздники сегодня

Наш опрос

Оцените мой сайт
Всего ответов: 241

Форма входа

Поиск

ФОТО

Национальный банк

Статистика


Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Библиотека

Главная » Статьи » Интересно почитать

Нясьвіжскае паўстаньне

Старадаўні беларускі, славуты й маляўнічы, ахутаны паданьнямі Нясьвіж - горад Сымона Буднага і Уладыслава Сыракомлі. Упяршыню ён згадваецца ў 1223 г., калі князь Хведар Нясьвіжскі загінуў геройскай сьмерцю у бітве з татарамі на рацэ Калцы. Хто толькі з чужаземцаў не спусташаў Нясьвіжу, руйнуючы яго часам дашчэнту? Неаднойчы расейцы і асабліва князь Хаванскі ў 1659 годзе. А ў 1791 царскія генэралы яшчэ ў дадатак вывезьлі каштоўнасьці Нясьвіжскага замку, зь якіх пазьней толькі нязначная частка была зьвернутая чырвонай Расеяй, згодна з Рыжскай умовай 1921 году. У 1706 г. Нясьвіж зьнішчылі да пня швэды, у 1812 г. - французы, у 1941 г.- немцы. I кожны раз - калі раней, а калі пазьней - Нясьвіж адраджаўся, ды насуперак усім злыбедам ішла аб ім пагалоска па ўсёй краіне.

Тут у 1562 г. выдатны сын нашага народу Сымон Будны, бліжэйшы спадкаемца Франьцыска Скарыны, выдаў свой "Катэхізіс", у прысьвячэньні да якога раіў князям Радзівілам, каб яны "ня толькі в чужоземскіх языцех кохалі", аднак шанавалі й любілі родную беларускую мову. Тут у 1604 г. Тамаш Макоўскі апрацаваў ведамую карту Літвы "Magni Ducatus Lithuaniae tabula gegraphica". У багатай кніжніцы тутэйшага замку, што лічыла блізу дваццаць тысяч тамоў, пераважна XVII стагодзьдзя, мелася шмат іх на тагачаснай беларускай мове. У замкавым архіве перахоўваліся дакумэнты з гісторыі Літвы і паміж імі Прывілей Стэфана Баторыя аб дараваньні Нясьвіжу герба - чорнага арла. У тым-жа замку, у ягонай Гэтманскай залі, побач з гэтманскімі булавамі й маршальскімі жэзламі Радзівілаў, красавалася вялікая калекцыя найпрыгажэйшых слуцкіх паясоў, гэтак добра апетых Максімам Багдановічам. Тут, у Нясьвіжы, у дамініканскай школе набываў асьвету зьбяднелы шляхціч з фальварку Смольгаў, што на Бабруйшчыне, Людвіг Кандратовіч - ён стаўся потым шырака знаны, як польскі і беларускі паэта Уладыслаў Сыракомля. I тут-жа скончыў настаўніцкую сэмінарыю Якуб Колас.

Да росквіту Нясьвіжу спрычыніліся магнаты Радзівілы, якія ў XVI стагодзьдзі абралі яго сваёй рэзідэнцыяй. Гэта іхнім коштам пабудаваныя велічны замак з прыгожым палацам, што мае 12 прасторных заляў, прывабны фарны касьцёл паводле праекту дойліда італьянца Бэрнардоні, кляштары - Дамініканскі, Бэрнардынскі й Бэнэдыктынскі, цудоўная ратуша з арламі на вежы, чароўная Слуцкая брама з каплічкай наверсе і г. д. Аднак менавіта прыгоньнікі-беларусы стварылі багацьце Радзівілаў, аддавалі ім свае здатнасьці, цесьлявалі й муравалі, абмываючы ўсе гэтыя пабудовы, поўныя раскошы, сваім потам і сьлязамі, ад якіх, як сьцьвярджае народнае паданьне, пацякла зь Нясьвіжчыны да Нёману рака Вуша. Адзін з Радзівілаў ("Пане Коханку") неяк ганарліва заўважыў: "Кароль ёсьць кароль у Кракаве, а я - у Нясьвіжы"... Таму зразумела, чаму ў беларускім фальклёры ёсьць прыказка: "Стаіць, як Міхась зь Нясьвіжу", азначаючы падбітага цяжкім прыгонам селяніна. 3 часам некаторыя з Радзівілаў пачыналі разумець, скуль яны паходзяць, да каго належаць дый каму абавязаныя. I тут адразу згадваецца сьветлая постаць княгіні Магдалены Радзівіл, што падтрымлівала беларускіх нацыянальных дзеячаў, а калі ейная шматгадовая прыяцелька графіня Караставец назвала яе неяк полькай, дык пачула ў адказ: "Не! Я -беларуска".

Якія толькі шматлікія ворагі не спрабавалі падбіць вольналюбных нясьвіжаўцаў! Аднак на іх, як і на ўсю краіну, паволі насоўвалася найбольшая, у параўнаньні з колішнімі, пошасьць - расейскія бальшавікі. Яшчэ ў лістападзе 1917 г. у тутэйшым замку адбыўся зьезд бальшавікоў 2-ое арміі Заходняга фронту, які абраў ваенна-рэвалюцыйны камітэт, што меў на мэце гвалтам падпарадкаваць сваёй волі беларусаў. На пачатку 1919 г., калі немцы пачалі самохаць пакідаць акупаваную імі Беларусь, адразу заварушыліся мясцовыя агенты Масквы. Перш за ўсё яны захапілі маёнтак Малева і зь вялікім спрытам прысабечылі там коней, стварыўшы такім чынам чырвонаармейскі конны атрад. Гэты эскадрон на чале з Андрэем Пракапчуком1 рушыў на мястэчка Лань, дзе арыштаваў абранага насельніцтвам старшыню валасной управы эсэра Кадэбскага і ўтварыў із свайго складу рэўкам, а потым, пасьля таго, як немцы пакінулі Нясьвіж, накіраваўся туды.

Адразу пасьля адыходу немцаў2 нясьвіжаўцы абралі Камітэт на чале з папулярным доктарам Бароўскім, які перадусім пракапчукоўцы, да якіх далучылася жменька мясцовых камуністаў, разагналі. Адначасна ў першую чаргу створаная ЧК распачала арышты мясцовых жыхароў, скарыстаўшы пад турму бэнэдыктынскі кляштар. Аднак дарма - тая самая ЧК і ня прыпушчала, што на зьмену Камітэту доктара Бароўскага нясьвіжаўцы патаемна стварылі вайсковую арганізацыю, якую ачоліў настаўнік гімназіі Мячыслаў Валністы.

"Аднойчы ноччу, - піша ў сваіх успамінах Пракапчук, - я разам з чырвонаармейскім атрадам рушыў на выкананьне баявога загаду - прыняць удзел у барацьбе з атрадамі пілсудчыкаў, якія наступалі ў раёне вёскі Сіняўка. Пакуль мяне ня было ў Нясьвіжы, там пачалося контррэвалюцыйнае паўстаньне: раніцай ворагі напалі на савет, забілі старшыню ЧК Татура і Грынблата. Мой атрад толькі што вярнуўся ў горад. Але ініцыятыва была ў руках паўстанцаў, і нам давялося адступаць".

У сапраўднасьці ўсё было ня так. Уночы з 14 на 15 сакавіка чатыры ўзводы паўстанцаў пад агульным камандаваньнем Мячыслава Валністага авалодалі Нясьвіжам зьнянацку для пракапчукоўцаў, якія пасьля кароткае бязладнае страляніны бадай у аднэй бялізьне ўцяклі з гораду ў кірунку да Менску, пакінуўшы тутэйшых камуністаў на ласку паўстанцаў.

Застаўшыся бяз войска, мясцовыя бальшавікі спрабавалі ўсё-ж змагацца, аднак ў часе бітвы загінулі старшыня выканкаму Файнбэрг, камісары Розэнблюм і Грынблат ды старшыня ЧК Татур. У той час, калі іхнія аднамысьнікі гінулі, пракапчукоўцы, затрымаўшыся ў двух кілямэтрах ад Нясьвіжу ў Рудаўцы -панскім двары зь вялікім мураваным домам, - чакалі вялікі атрад, які абяцаў даслаць павядомлены імі па тэлефоне губэрнскі камісар Крывашэін. I толькі ўвечары 16 сакавіка, калі на шляху паказалася рота, дасланая зь Менску, пракапчукоўцы разам зь ёю рушылі на Нясьвіж.

Камісар Крывашэін, той самы, які ў лістападзе 1917 г. разагнаў штыхамі сібіракоў Першы Усебеларускі Кангрэс, у сваёй справаздачы 19-га сакавіка на паседжаньні Менскага губрэўкаму заўважыў: "Досыць было мець 30 добра ўзброеных камуністаў, каб прагнаць банды зь Нясьвіжу".

А ў сапраўднасьці паўстанцы, узброеныя старымі вінтоўкамі розных сыстэмаў, да апошняга патрону змагаліся некалькі гадзінаў супраць блізу сотні чырвонаармейцаў, якія, апрача вінтовак і гранатаў, мелі два кулямёты. Толькі пад аховай цемры яны пакінулі Нясьвіж, адышоўшы да бліжэйшага мястэчка Альбы, аднак бальшыня зь іх падалася да Баранавічаў, дзе далучылася да батальёну маёра Дамброўскага.

На другі дзень пракапчукоўцы схапілі чаловых паўстанцаў у Альбе і пасьля катаваньняў у Бэнэдыктынскіх мурох расстралялі ў Крыжацкім Лесе. Гэта былі: Мячыслаў Валністы, Палікарп Каляда, Станіслаў Іваноўскі, Аляксандар Шыдлоўскі, Нічыпар Янушкевіч.

За часоў Польшчы іх, закапаных бяз трунаў, перанесьлі на Нясьвіжскі могільнік пры Клецкім гасьцінцу, паставіўшы на іхняй брацкай магіле вялікі крыж з чырвонага граніту.

Сярод іншых галоўных паўстанцаў, закатаваных пракапчукоўцамі, згадваюцца Касьцюкевіч і Корбут. Маці выратавала ад варожае кулі начальніка паліцыі пры паўстанцах Міхася Красьніцкага, перахоўваючы яго да прыйсьця легіянэраў, як кажуць, у падзямельлі паміж замкам і Міхайлаўскай гарой, аднак, захварэўшы там на сухоты, ён пражыў пасьля гэтага нядоўга - за ягонай труной ішоў увесь Нясьвіж.

Да верасьня 1939 году ў актавай залі Нясьвіжскае гімназіі імя Уладыслава Сыракомлі вісеў вялікі партрэт Мячыслава Валністага. Да таго-ж часу на рынку супраць ратушы стаяў адмысловы помнік зь імёнамі ўсіх тых герояў паўстаньня, што загінулі ў змаганьні або па ім у савецкіх засьценках.

Крыніца: Віцьбіч, Ю.
Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі / Юрка Віцьбіч. -Вільня: Gudas, 2007. - 308с.



Источник: http://www.jivebelarus.net/history/new-history/anticom-resist-and-partisans-at-belarus.html?page=7
Категория: Интересно почитать | Добавил: nesvizh1223 (28.02.2012)
Просмотров: 785 | Рейтинг: 5.0/1 |
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: