За сваё больш за паўтысячагадовае
жыцьцё міфічныя гарматы, адлітыя Германам Мольцфэльдтам на зломе
XVI-XVII стагодзьдзяў па загадзе Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі,
пабачылі шмат. Больш за дзьвесьце гадоў пасьля адліву яны спраўна
выконвалі свой абавязак на валах Нясьвіскага замка, у тым ліку ў час
вайны 1654 - 1667 гадоў, калі замак абложвалі ажно тры разы
. У час швэдзкага наезду 1706 года, калі замак быў цалкам зьнішчаны,
а большасьць гармат расплаўлены, сем мольцфэльдтаўскіх фальканэтаў
(Вінаград, Цэрбэр, Гідра, Хімера, Сава, Папугай, Цырцэя) уратавала іх
прыгажосьць. Відаць, швэды пашкадавалі іх і намерыліся вывезьці ў
Швэцыю, як Мэлюзіну (восьмую мольцфэльдтаўскую гармату). Аднак, па
невядомых прычынах, гарматы затапілі ў Лахве, дзе яны былі знойдзены ў
1717 годзе. Так сем сястрычак вярнулася назад у разрабаваны Нясьвіж.
Арсэнал замка ўжо ніколі не набыў той баяздольнасьці, у якой яго пакінуў
Сіротка. Тыя самыя сем мольцфэльдтаўскіх гармат застаў у замку
Сыракомля, які наведаў яго ў сярэдзіне XIX ст. З пачаткам нямецкага
наступленьня ў 1915 года, гарматы, відаць, былі вывезены ў Расею. У той
час пад фармулёўкай "каб вораг не парабіў з іх снарадаў, якія будуць
забіваць нашых рускіх бацькоў, братоў і сыноў" у масавым парадку
вывозіліся таксама і званы з тэрыторыі ўсяе Заходняй Беларусі.
Здымак Вінаграда пачатку ХХ ст.
У 1922 годзе паводле Рыскай
дамовы ўсе сем гармат былі "вернутыя" Польшчы, але абмінулі Нясьвіж, а
патрапілі на дзядзінец каралеўскага замка ў Варшаве. Немцам, якія пачалі
ўпарадкаваць эўрапейскі сьвет у 1939 годзе зь ліквідацыі Польшчы і, між
іншым, досыць сымбалічнага зьнішчэньня каралеўскага замка, відавочна,
даспадобы падалося, што гарматы адліваў немец Мольцфэльдт, таму і
гарматы былі накіраваныя ў Нямеччыну, наступную сваю "гістарычную
радзіму".
Савецкія вызваліцеля гэтаксама
"абдумана" паставіліся да нясьвіскіх гарматаў: пяць гармат было
перададзена Польшчы (Гідра, Хімера, Папугай, Цырцэя, Сава), а дзьве
(Вінаград і Цэрбэр) былі адпраўлены ў колішнюю сталіцу імпэрыі -
Пецярбург. Прычына такога "брацкага" падзелу застаецца невядомай. Але,
што цікава, у музэі польскага войска ня ведаць пра гэты факт, бо туды
былі перададзены гарматы, якіх там раней ня было. Такім чынам, Вялікая
Айчыннай стала повадам для Расеі ў каторы раз узбагаціць свой музэйны
фонд, але ня толькі за кошт Рэйха, але і за кошт "вызваленых брацкіх"
народаў. Пры "навуковай апрацоўцы" трафэяў Вінаград быў пераназваны ў
"Чашу дастатка", відавочна, з прычыны абсалютнай адстунасьці інфармацыі ў
музейшчыкаў пра гэтыя трафеі. З Цэрбэрам было прасьцей: на ім ёсьць
інскрыпцыя, дзе напісана імя. Доўгі час мне было невядома, куды
падзеліся гэтыя дзьве гарматы, пакуль выпадкова не натрапіў у інтэрнэце
на здымак Цэрбэра. А пазьней, калі пачаў больш шчыльна займацца
нясьвіскімі справамі ўсё стала больш менш зразумела. Другая чарга
рэканструкцыі Нясьвіскага замка (фактычна ўвесь зама) мусіць быць
здадзена ў ліпені гэтага года. Тады ж павінны быць зроблены копіі шэрагу
мольцфельдтаўскіх гармат. Першымі стануць якраз Вінаград і Цэрбэр. У
час свайго апошняга наезду ў Менску, мне ўдалося пазнайміцца з майстрам,
які працуе над імі і паглядзець на амаль скончаныя мадэлі.
Мікалай Іванавіч Байрачны - майстар:
Такім чынам, цені Вінаграда і Цэрбэра вернуцца ў Нясьвіж.
І пару словаў пра самі гарматы.
Абедзьве - фальканэты паводле тыпа вагамерам каля 1 фунта (ці калібрам
каля 50 см). На жаль, дакладных дадзеных пакуль ня маю, але па тыпу і
памерах ўсе сем гармат, акрамя Хімеры (3 фунта) - падобныя. На
абездьвух гарматах ёсьць радзівілаўскі герб. Ужо у самых першых
інвэнтарах Цэрбэр апісваецца як "неацясаная калодан", а Сыракомля піша
наступнае: "да паловы кшталту неацясанай калоды, а ад паловы віецца
полымя". Вінаград ня меў акрэсьленай назвы ў інскрыпцыі, таму ў
інвэнтарах ён ўзгадваецца таксама пад назвамі "Вінагрона" і "Бахус".
Інскрыпцыі (надпісы) па-лацінску з'яўляюцца лейтматывам мастацкай
праграмы гармат. Цэрбэр: "CERBERUS ACRE TONO CUM DITIONES MILITI DONO" -
"Як цэрбер жахліва рыкаю і даю жаўнерам перавагу". Вінаград: "POPULI
SINT DITIS NOSTRAE VIDEMIA VITIS" - "Няхай народы будуць багатыя
ураджаем нашай віньніцы".
Radziwill.by дзякуе Волкаву Міколе за артыкул і фатаграфіі. |