Интересно почитать [104] |
История Несвижа [70] |
Легенды Несвижа [49] |
Несвиж в прессе [124] |
Нясвiжскiя навiны [35] |
Культура Несвижа [33] |
Город Реутов, Московская область. Россия
Город Росолини, Область Сицилия, Италия
Город Пулавы, Люблинское воеводство, Польша
Город Злотув, Великопольское воеводство, Польша
Город Одолянов, Великопольское воеводство, Польша
Город Горис, Область Сюник, Армения
Город Лайхинген, земля Баден-Вюртембер, Германия
Главная » Статьи » История Несвижа |
Падарожжа ў Нясвіж — гэта адкрыццё многіх і многіх персанажаў
айчыннай гісторыі, знаёмства з мясцінамі, дзе выпеставаны, выгадаваны
слаўныя сыны і дочкі Беларусі. Гэта пра Нясвіж заўважыў доктар
філалагічных навук, прафесар Адам Іосіфавіч Мальдзіс: "Гарады, як і
дзяржавы, як і народы, перажываюць перыяды ўздыму і ўпадку, чаргуюцца ў
сваёй вядучай ролі. На пачатку фарміравання беларускай народнасці,
станаўлення дзяржаўнасці гарадамі-сталіцамі, цэнтрамі княстваў былі
Полацк, Тураў, Гародня, потым гэтая роля перайшла да Навагрудка. На
працягу XIV—XVIII стагоддзяў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага,
супольнай літоўска-беларускай дзяржавы, з’яўлялася Вільня. Аднак, ужо ў
XVI ст., з утварэннем Нясвіжскага княства і Радзівілаўскай ардынацыі, на
беларускай зямлі з’явіўся "двайнік” "каранаванай” сталіцы — горад
Нясвіж.
На працягу трох з паловай стагоддзяў ён у той або іншай форме супернічаў з Вільняй, а потым нават з Варшавай. Роля Нясвіжа як другой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага была афіцыйна прызнана, зафіксавана ў дакументах: яго ўладальнікі Радзівілы атрымалі выключнае права на збіранне і захаванне ў замку дзяржаўнага архіва — так званай Літоўскай метрыкі. Радзівілы істотна ўплывалі на ўнутраную і знешнюю палітыку Вялікага Княства Літоўскага, а затым і Рэчы Паспалітай, суседніх дзяржаў шляхам дынастычных шлюбаў і дыпламатычных акцый”. Нясвіж,
створаны, узвышаны Радзівіламі — гэта горад, старонка, багатая і на
іншыя знакамітасці. Мо хіба што імёны кагосьці з іх не так часта
згадваюцца, як таго вартыя. У
Казахстане добра вядома імя ўраджэнца Нясвіжа Адольфа Міхайлавіча
Янушкевіча (нарадзіўся ў 1803 годзе). Сябра Адама Міцкевіча, ён пасля
паўстання 1830-31 гадоў быў асуджаны да смяротнага пакарання, якое
замянілі на пажыццёвую высылку ў Сібір. Канфіскавалі ўсю маёмасць,
пазбавілі дваранста. Спярша адбываў пакаранне ў Табольску. А ў 1833
годзе быў пераведзены ў вёску пад Ішымам, на поўнач Казахстана.
Янушкевічу ўдалося атрымаць з радзімы бібліятэку. Сябры, блізкія
дасылалі з Беларусі і Польшчы перыёдыку. У 1841-м наш зямляк пераехаў у
Омск, паступіў на дзяржаўную службу. Шмат падарожнічаў па казахскіх
стэпах, вывучыў казахскую мову. У 1846 годзе склаў "Дзённік паездкі ў
Сібір”, дзе ўтрымліваецца шмат звестак па гісторыі Казахстана. У 1856-м
атрымаў дазвол вярнуцца ў Беларусь, дзе і памёр у 1857 годзе. У
Казахстане ў гонар нашага земляка названы вуліцы ў Астане і Алматы. У
1966 годзе у Алматы на рускай мове пабачыла свет кніга А. Янушкевіча
"Дзённікі і лісты з падарожжа па казахскіх стэпах”. Сярод ураджэнцаў
Нясвіжа — яшчэ адзін паўстанец 1830-31 гадоў: Вінцэнт Францішак
Кучынскі (нарадзіўся каля 1808 г.). Дарэчы, ураднік. Разам з атрадам
паўстанцаў дайшоў да Варшавы, у жніўні 1831 года прыняў удзел у
Віленскім сейміку па абранні дэпутатаў на сейм. Пасля эмігрыраваў, каб
пазбегнуць пакарання. З 1834 па 1849 год атрымліваў грашовую дапамогу ад англійскага ўрада. Руская пісьменніца Любоў Міхайлаўна Белкіна (нарадзілася ў 1875 годзе) — таксама з ураджэнцаў Нясвіжа. З сям’і ўрадніка. У 1889 годзе паступіла ў Мінскую гімназію, але вучобу не завяршыла "па сямейных абставінах”. Зарабляла на пражыццё прыватнымі ўрокамі. З 16 гадоў зблізілася з рэвалюцыйнай моладдзю Мінска. Арганізавала шэраг гурткоў, якія пасля сталі асновай мясцовай партарганізацыі — "Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі”. Любоў Белкіна (па першым мужу — Клячко) згадваецца ва ўспамінах памешчыка-рэвалюцыянера з Блоні Анатоля Восіпавіча Бонч-Асмалоўскага. У 1900-м рэвалюцыянерка пераехала ў Пецярбург. У 1906-м выступіла з вершамі ў зборніках "Песні рэвалюцыі” і "На раздарожжы”. Тады ж асобным выданнем пабачыла свет сатырычная "Быліна пра Ілью Мурамца і Салаўя-разбойніка”. Нелегальна былі выдадзены зборнік рэвалюцыйных вершаў Белкінай "Снежаньскія дні” (1907) і паэма "Лейтэнант Шмідт” (таксама 1907). А ў паэтычнай кнізе "Лясная лілея” (Масква, 1910) ужо знайшлося месца і інтымнай лірыцы, творам рэлігійнага характару. Былі ўключаны і пераклады вершаў польскай паэтэсы М. Канапніцкай. У 1912 годзе Любоў Міхайлаўна ўдзельнічала ў дабрачынным выданні "Колас жыта”. У 1913-м рэдагавала некалькі нумароў палтаўскага часопіса "Труженик”. З 1917 года жыла ў Туле, супрацоўнічала з перыядычным друкам. У Туле выдала раман "Рольф Май” і паэму "Буравеснік Дуарнена” (абедзве кнігі — у 1925-м). Памерла Л. Белкіна ў Маскве ў лістападзе 1944 года. Рускі літаратуразнаўца, публіцыст, мастацтвазнаўца Іосіф Ісакавіч Бекер нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1881 годзе. Закончыў Сімферопальскую гімназію. У 1920-1950-я гады жыў і працаваў у Ленінградзе, у газетах "Новая жизнь”, "Ленинградская правда”. Друкаваўся ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы, мастацтвазнаўчых і навуковых выданнях (часопіс "Звезда”, "Труды Всероссийской Академии художеств” і інш.). Член СП СССР з 1942 года. Аўтар кніг "Змагары рэвалюцыйнага друку” (1929), "Акадэмія Мастацтваў: гістарычны нарыс” (1940, у сааўтарстве з С. Ісакавым, І. Бродскім), "Міцкевіч у Пецярбургу” (1955). Адзін з галоўных кірункаў зацікаўленняў — жыццёвы і творчы лёс Адама Міцкевіча ў Расійскай імперыі, стасункі рускіх пісьменнікаў, літаратурных крытыкаў, перакладчыкаў з Міцкевічам. Гэтай тэме Бекер прысвяціў шэраг артыкулаў, надрукаваных у часопісе "Звезда”, калектыўных зборніках "Літаратура славянскіх народаў” (Ленінград, 1956, выпуск першы), "Адам Міцкевіч у рускім друку” (Масква, Ленінград, 1957) і іншых выданнях. Частка работ нашага земляка засталася ў рукапісах і захоўваецца ў Архіве Паўночна-Заходняй федэральнай акругі Расійскай Федэрацыі ў Санкт-Пецярбургу. Дачка І. Бекера — М. І. Бекер (1920—2010), вядомая руская перакладчыца англійскай літаратуры, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, прычым ваявала і на 2-м Беларускім фронце. Нясвіж, нясвіжская старонка — радзіма не толькі пісьменнікаў і палітыкаў, але і гісторыкаў і краязнаўцаў. З вёскі Студзёнка — Георгій Фёдаравіч Шапавал, ён нарадзіўся ў 1946 годзе. Кандыдат гістарычных навук, даследчык эканамічнай гісторыі Беларусі. У Гусаках у 1940 годзе нарадзілася Аляксандра Мікалаеўна Гесь (памерла ў 2011-м). Вядомы архівіст. Менавіта дзякуючы яе старанням апублікаваны многія дакументы, што праліваюць святло на даўно забытыя падзеі палітычнай, сацыяльнай гісторыі нашай Айчыны. У нясвіжскіх Аношках у 1954 годзе нарадзіўся кандыдат гістарычных навук Валерый Міхайлавіч Мацэль. Вядомасць займелі яго працы па пытаннях знешняй палітыкі Беларусі, праблемах развіцця двухбаковых адносін нашай краіны з дзяржавамі Азіі. Можна не сумнявацца, што з часам і іх, згаданых гісторыкаў, імёны стануць старонкамі Энцыклапедыі Нясвіжскай Памяці. Алесь Карлюкевіч Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава Источник: http://www.golas.by/index.php?subaction=showfull&id=1305212255&archive=&start_from=&ucat=11& | |
Категория: История Несвижа | Добавил: nesvizh1223 (16.05.2011) | |
Просмотров: 1331 | Рейтинг: 5.0/1 | |
Всего комментариев: 0 | |